Святы Айцец змяніў арганізатараў Сусветнага дня дзяцей
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Камітэт быў створаны ў 2024 годзе для арганізацыі і каардынацыі правядзення Сусветнага дня дзяцей. У жніўні 2025 года Леў XIV уключыў гэту структуру ў склад Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. У адпаведнасці з новым распараджэннем Святога Айца, вышэйзгаданы камітэт быў цалкам скасаваны. Яго ўстаноўчыя дакументы, статут і акты, прынятыя да гэтага часу, губляюць юрыдычную сілу, а кіраўніцтва і члены структуры неадкладна спыняюць выкананне сваіх абавязкаў.
Адказнасць за падрыхтоўку і каардынацыю Сусветных дзён дзяцей Пантыфік перадаў Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця на чале з кардыналам Кевінам Фарэлам. Бліжэйшы форум адбудзецца з 25 па 27 верасня 2026 года ў Рыме.
У хірографе Леў XIV патлумачыў, што рашэнне з’яўляецца працягам працэсу, распачатага яго жнівеньскім рэскрыптам. Яно было прынята пасля адпаведных кансультацый для “далейшага спрыяння сінергіі і больш эфектыўнай працы па рэалізацыі гэтай высакароднай ініцыятывы”.
Першы Сусветны дзень дзяцей прайшоў 25 мая 2024 года на Алімпійскім стадыёне ў Рыме ў прысутнасці Папы Францішка і пры ўдзеле больш чым 50 тысяч дзяцей і падлеткаў з розных краін свету. У форуме брала ўдзел таксама вялікая дэлегацыя з Беларусі.