Пошук

Жалобная Імша ў інтэнцыі Анджэла Гуджэля Жалобная Імша ў інтэнцыі Анджэла Гуджэля  (©Riccardo Capobianco)

У Ватыкане развіталіся з Анджэла Гуджэлем: спачуванні Льва XIV

17 студзеня 2026 года ў Рыме развіталіся з Анджэла Гуджэлем – шматгадовым папскім камердынерам, які памёр ва ўзросце 90 гадоў. Жалобную Імшу ўзначаліў кардынал П’етра Паралін.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У рымскім касцёле Санта-Марыя-дэле-Грацыэ-але-Фарначы, непадалёк ад Ватыкана, прайшло развітанне з Анджэла Гуджэлем – памочнікам трох Папаў: Яна Паўла I, Яна Паўла II і Бэнэдыкта XIV.

Падчас пахавальнай Імшы была зачытана тэлеграма Льва XIV, у якой ён выказаў спачуванні жонцы і дзецям памерлага, падкрэсліўшы “бездакорнасць яго жыцця і ўзорнае хрысціянскае сведчанне”, а таксама “шматгадовую і каштоўную службу Святому Пасаду”, якую Анджэла Гуджэль нёс “з вернасцю і стараннасцю”. Папа моліцца за душу гэтага “шчодрага вучня Хрыста” і благаслаўляе ўсіх, хто аплаквае яго скон.

У гаміліі кардынал Паралін назваў Анджэла Гуджэля “добрым чалавекам, любячым мужам і ўзорным бацькам – стрыманым і справядлівым”. Ён адзначыў яго глыбокую веру, унутраны спакой і здольнасць давяраць Богу, у тым ліку ў апошнія месяцы хваробы. Па словах Дзяржсакратара, жыццё і смерць Анджэла Гуджэля з’яўляюцца сведчаннем таго, што пакуты і выпрабаванні, перажытыя разам з Панам, могуць стаць крыніцай сапраўднага сведчання. Іерарх падкрэсліў, што хрысціянскае пахаванне – гэта не канец, а магчымасць аднавіць веру і ўпэўненасць у тым, што мы не самотныя.

Труна з целам Анджэла Гуджэля будзе перавезена на яго радзіму, у мястэчка Міане ў правінцыі Трэвіза, дзе 19 студзеня 2026 года адбудзецца Імша ў яго інтэнцыі і пахаванне на мясцовых могілках.

Развітанне з Анджэла Гуджэлем у Ватыкане
Развітанне з Анджэла Гуджэлем у Ватыкане   (©Riccardo Capobianco)
17 студзеня 2026, 19:07