Адышоў у вечнасць Анджэла Гуджэль – камердынер трох Папаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Анджэла Гуджэль нарадзіўся ў 1935 годзе ў горадзе М’янэ на поўначы Італіі. Галава сям’і і бацька чатырох дзяцей, ён пачаў служыць у Ватыкане яшчэ ў 1955 годдзе, падчас пантыфікату Пія XII – спачатку ў Ватыканскай жандармерыі, потым у Губернатараце.
У 1978 годзе, падчас кароткага пантыфікату Яна Паўла І, Гуджэль быў прызначаны папскім камердынерам – членам Папскай сям’і, якая складаецца з найбліжэйшых памочнікаў Святога Айца. На гэтай пасадзе ён служыў на працягу 27 гадоў пантыфікату Яна Паўла ІІ, а таксама ў першыя месяцы пантыфікату Бэнэдыкта XVI.
Анджэла Гуджэль карыстаўся асаблівым даверам Яна Паўла ІІ і часта суправаджаў яго падчас прыватных паездак у горы. Перад інаўгурацыйнай прамовай свайго пантыфікату менавіта Гуджэля Караль Вайтыла папрасіў праверыць яго італьянскае вымаўленне. Камердынер знаходзіўся побач з Папам і падчас замаху, які быў здзейснены на яго 13 мая 1981 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, а затым падтрымліваў параненага Пантыфіка па дарозе ў шпіталь.
Нават пасля выхаду на пенсію, па больш чым 50 гадах служэння ў Ватыкане, Анджэла Гуджэль заставаўся верным памочнікам Пантыфіка. У 2010 годзе 70-гадовага былога камердынера папрасілі суправаджаць Бэнэдыкта XVI падчас яго летняга адпачынку ў Кастэль-Гандольфа.