Папа і кардыналы: разам вызначаючы будучыню Касцёла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэтая сустрэча, паводле паведамлення Святога Пасаду, паклікана не толькі ўзмацніць камунію паміж Біскупам Рыма і яго бліжэйшымі паплечнікамі, але і стаць дзейсным інструментам супрацоўніцтва ў вырашэнні маштабных задач сучаснага пантыфікату.
Да ўдзелу ў форуме запрасілі ўсіх без выключэння членаў Калегіі кардыналаў – агулам 245 чалавек, у тым ліку тых іерархаў, якім ужо споўнілася 80 гадоў.
Такі фармат сустрэчы з’яўляецца рэдкім і адрозніваецца ад звычайных кансісторыяў, якія збіраюць толькі кардыналаў, якія знаходзяцца ў Рыме, для вырашэння бягучых пытанняў, такіх як кананізацыі.
Леў XIV разглядае кардыналаў як сваіх найбліжэйшых супрацоўнікаў, таму сустрэча будзе накіравана на абмеркаванне галоўных вектараў яго пантыфікату.
Рабочыя пасяджэнні будуць закрытымі для прэсы. Адзінай публічнай часткай мерапрыемства стане ўрачыстая святая Імша, якую Папа будзе цэлебраваць разам з кардыналамі 8 студзеня 2026 года.
Скліканне поўнага складу Калегіі кардыналаў сугучна з ранейшымі крокамі Льва XIV у бок калегіяльнага кіравання. Ужо падчас майскай аўдыенцыі ў Сінадальнай залі Пантыфік адмовіўся ад пратакольных прамоў на карысць вольнага абмену думкамі і дыскусій.
Адметна, што цяперашні сход пройдзе ў момант, калі колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў складае 122 чалавекі. Гэта адбылося пасля таго, як 5 студзеня 2026 года кардыналу Марыё Дзэнары споўнілася 80 гадоў, што паступова набліжае склад Калегіі да нормы ў 120 чалавек, усталяванай ранейшымі папскімі пастановамі.