Імша з нагоды адкрыцця новага судовага года Трыбунала Рымскай роты Імша з нагоды адкрыцця новага судовага года Трыбунала Рымскай роты  (@Vatican Media)

Пэнья Пара да Рымскай роты: судзіць з міласэрнасцю і дабрынёй

Трыбунал Рымскай роты пакліканы служыць універсальнасці ісціны з міласэрнасцю і блізкасцю Хрыста, адзначыў арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара падчас Імшы з нагоды адкрыцця новага судовага года, якая прайшла ў Паўлінскай капліцы Апостальскага палаца.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Субстытут Дзяржаўнага сакратара па агульных пытаннях заклікаў суддзяў і супрацоўнікаў Трыбунала заўсёды спалучаць праўду з міласэрнасцю і разважлівасцю, бо іх служэнне часта датычыцца балючых “асабістых, сужэнскіх і кананічных сітуацый”. Такое служэнне дапаможа людзям адчуць мацярынскі клопат Касцёла, які не судзіць чалавечыя памылкі, а імкнецца аднавіць жыццё сваіх дзяцей і прывесці іх да вышэйшага дабра.

Служэнне Паўсюднаму Касцёлу

Разважаючы над Евангеллем паводле святога Лукі, арцыбіскуп Пэнья Пара падкрэсліў універсальны характар місіі Трыбунала Рымскай роты, які служыць усяму Паўсюднаму Касцёлу і разглядае справы людзей розных культур і кантэкстаў. Ён нагадаў, што ісціна таксама з’яўляецца ўніверсальнай, але ўвасабляецца ў канкрэтных жыццёвых абставінах кожнага чалавека, дзе маюць месца памылкі і заганы, але яна застаецца асновай, якая нагадвае нам пра Божы план любові да чалавека і тварэння.

Суддзі Трыбунала Рымскай роты
Суддзі Трыбунала Рымскай роты   (@Vatican Media)

"Як ягняты сярод ваўкоў"

Іерарх адзначыў важнасць лагоднасці, любові і міласэрнасці ў ажыццяўленні правасуддзя. У свеце, дзе часта пануюць эгаізм, спешка і разлік, такі адказ – гэта духоўная барацьба “ягнят сярод ваўкоў”. Міласэрнае і лагоднае “стаўленне ягняці” патрабуецца ад Трыбунала Рымскай Роты адначасова з пошукам ісціны і справядлівасці, - дадаў ён.

Служэнне найвышэйшай Ісціне

У заключэнне арцыбіскуп Пэнья Пара працытаваў словы Льва XIV аб тым, што служэнне праўдзе ў касцёльным судзе павінна заўсёды весці да Хрыста – найвышэйшай Ісціны, якой служыць Касцёл.

Імша ў Паўлінскай капліцы Апостальскага палаца
Імша ў Паўлінскай капліцы Апостальскага палаца   (@Vatican Media)
27 студзеня 2026, 12:29