Пошук

Папа – Трыбуналу Рымскай роты: служыць праўдзе ў любові

Касцельная судовая дзейнасць павінна заўсёды быць накіраванай на збаўленне душ, ажыццяўляцца ў вернасці праўдзе і ў духу любові, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

26 студзеня 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі з нагоды новага судовага года прэлатаў Трыбунала Рымскай Роты – вышэйшага апеляцыйнага суда Каталіцкага Касцёла. Ён падзякаваў сваім гасцям за служэнне і падзяліўся з імі думкамі пра цесную сувязь, якая існуе паміж “праўдай справядлівасці і цнотай любові”.

“Гаворка не ідзе пра супрацьлеглыя прынцыпы ці каштоўнасці, якія павінны быць ураўнаважаны згодна з выключна прагматычнымі крытэрыямі, але пра два ўнутрана з’яднаныя вымярэнні, глыбокая гармонія паміж якімі караніцца ў таямніцы Бога, які ёсць Любоў і Праўда”, - сказаў Пантыфік.

“Гэта ўзаемасувязь патрабуе пастаяннага і ўважлівага крытычнага аналізу, паколькі пры ажыццяўленні судовай дзейнасці нярэдка ўзнікае дыялектычная напружанасць паміж патрабаваннямі аб’ектыўнай ісціны і клопатам пра любоў”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на небяспеку парушэння гэтага балансу: з аднаго боку існуе рызыка “празмернага суперажывання часта няпростым жыццёвым абставінам вернікаў”, якое можа “прывесці да небяспечнай рэлятывізацыі ісціны” і аслаблення судовай строгасці, а з другога – рызыка “халоднага і раўнадушнага сцвярджэння праўды, якое не ўлічвае ўсяго, чаго патрабуе любоў да людзей”.

“Пры разглядзе ўзаемасувязі паміж праўдай і любоўю выразны кірунак дае вучэнне апостала Паўла, які заклікае: “Будучы шчырымі ў любові, ва ўсім будзем узрастаць да таго, хто з’яўляецца Галавою – да Хрыста” (Эф 4, 15)”, - сказаў Пантыфік.

“Такім чынам, вашы дзеянні павінны заўсёды матывавацца той сапраўднай любоўю да бліжняга, якая ў першую чаргу імкнецца да яго вечнага збаўлення ў Хрысце і Касцёле, што прадугледжвае вернасць праўдзе Евангелля. Такім чынам мы адкрываем гарызонт, на які павінна быць скіравана ўся касцельная прававая дзейнасць: “salus animarum” (збаўленне душ) як найвышэйшы закон Касцёла. Такім чынам, ваша служэнне праўдзе справядлівасці з’яўляецца поўным любові ўнёскам у збаўленне душ”, - дадаў Папа.

Святы Айцец падрабязна спыніўся на ролі ўсіх удзельнікаў кананічных працэсаў – суддзяў, прамотараў справядлівасці, абаронцаў сужэнскай сувязі, адвакатаў – падкрэсліўшы неабходнасць сумленнасці, прафесійнай кампетэнтнасці і маральнай адказнасці. Усе яны, па словах Льва XIV, пакліканы служыць пошуку праўды ў любові, а не абмяжоўвацца фармальным выкананнем прафесійных абавязкаў.

“Служэнне праўдзе ў любові павінна ззяць ва ўсёй працы касцельных трыбуналаў”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што “вернікі і ўся касцельная супольнасць маюць права на належнае і своечасовае выкананне працэсуальных функцый, бо гэта працэс, які ўплывае на сумленне і жыццё”.

Папа адзначыў, што судовы працэс накіраваны на пошук праўды шляхам ўстанаўлення фактаў і параўнання прычын і доказаў, якія пацвярджаюць розныя пазіцыі, заснаваныя на прэзумпцыі сапраўднасці сужэнства і невінаватасці абвінавачанага, пакуль не будзе даказана адваротнае. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць незалежнасці і бесстароннасці суддзяў, адзначыўшы, што парушэнне гэтых прынцыпаў шкодзіць не толькі справядлівасці, але і касцельнай еднасці.

“Дарагія сябры, ваша місія высокая і патрабавальная. Вы пакліканы строга, але без суровасці, абараняць праўду і бездакорна праяўляць любоў. У гэтай раўнавазе, якая насамрэч з’яўляецца глыбокім адзінствам, павінна праяўляцца сапраўдная хрысціянская юрыдычная мудрасць”, - падкрэсліў Папа.
 

26 студзеня 2026, 12:55