Пошук

Удзельнікі сустрэчы з нагоды 25-годдзя “Osservatorio for independent thinking” Удзельнікі сустрэчы з нагоды 25-годдзя “Osservatorio for independent thinking” 

Кардынал Паралін – моладзі: вучыцца на памылках і змяняць свет

Кардынал П’етра Паралін заклікаў моладзь заўсёды вучыцца на жыццёвых памылках і змяняць свет праз удзел у палітычным жыцці. Ён заявіў пра жаданне Святога Пасада стварыць аналітычны цэнтр па вывучэнні этычных аспектаў, звязаных з развіццём штучнага інтэлекту.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

21 студзеня 2026 года Дзяржсакратар Яго Святасці Папы прыняў удзел у сустрэчы з моладдзю, якая прайшла ў Рыме з нагоды 25-годдзя “Osservatorio for independent thinking”. Гэта некамерцыйная арганізацыя з сядзібай у Фларэнцыі мае на мэце фармаванне грамадзянскай адказнасці ў маладога пакалення праз развіццё крытычнага мыслення, здольнасці аналізаваць інфармацыю і навіны, эканамічную, фінансавую і лічбавую пісьменнасць.

Штучны інтэлект на службе чалавеку

Дзяржсакратар адказаў на некалькі пытанняў, адно з якіх датычылася штучнага інтэлекту. Ён падкрэсліў, што гэта тэма мае вялікую актуальнасць і хвалюе Касцёл. Іерарх расказаў пра жаданне Святога Пасада стварыць аналітычны цэнтр, які б займаўся вывучэннем штучнага інтэлекту і прапаноўваў этычны падыход: “каб штучны інтэлект служыў чалавечай годнасці і не станавіўся небяспекай”.

СМІ пакліканы інфармаваць і фармаваць людзей

Іншае пытанне датычылася праблемы распаўсюджвання дэзынфармацыі і адказнасці СМІ. Па словах кардынала Параліна, медыя павінны не толькі інфармаваць, але і клапаціцца пра фармацыю людзей. “І потым трэба пазбягаць дэманізацыі іншых, а дапамагаць разумець іх мысленне”, - дадаў Дзяржсакратар.

Вучыцца на жыццёвых памылках

Моладзь цікавіла меркаванне кардынала Параліна адносна ўплыву жыццёвых няўдач на жыццё. “Падзенні з’яўляюцца часткай жыцця, – сказаў іерарх, – таму важна, каб моладзь улічвала, што жыццё складаецца таксама з гэтых балючых момантаў”. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат вучыцца на жыццёвых памылках, каб не паўтараць іх.

Удзел у палітыцы дае магчымасць змяніць свет

Чарговае пытанне было звязана з шматлікімі канфліктамі ў свеце. Адказваючы на яго, найбліжэйшы супрацоўнік Папы заклікаў моладзь уключацца ў палітычнае жыццё, не пазбягаць яго, а бачыць у гэтым магчымасць паслужыць міжнароднай супольнасці. “Вы павінны ўспрымаць палітыку як эфектыўную прыладу, патрэбную, каб змяніць свет, і як тое, чаму можна цалкам прысвяціць сябе”, - дадаў кардынал-дзяржсакратар.

Мірнае пасрэдніцтва Святога Пасада

Напрыканцы прагучала пытанне пра тое, ці існуюць гістарычныя прыклады, калі дыпламатыя па-сапраўднаму прывяла да міру. У адказ іерарх згадаў два прыклады паспяховага дыпламатычнага пасрэдніцтва Святога Пасада: вырашэнне спрэчкі адносна праліва Бігля, якая вялася паміж Аргенцінай і Чылі, а таксама памежнага канфлікту паміж Перу і Эквадорам.
 

22 студзеня 2026, 10:34