Кардынал Паралін падчас сустрэчы з духавенствам і манаскімі асобамі Апостальскага вікарыяту Паўночнай Аравіі Кардынал Паралін падчас сустрэчы з духавенствам і манаскімі асобамі Апостальскага вікарыяту Паўночнай Аравіі 

Кардынал Паралін у Кувейце: будзьце прарокамі міру і еднасці

Кардынал П’етра Паралін падчас свайго візіту ў Кувейт сустрэўся з мясцовым духавенствам і прысутнічаў на 65-годдзі кансэкрацыі катэдральнага касцёла, заклікаўшы вернікаў быць “жыццядайным паветрам Божай любові”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці падчас свайго першага візіту ў Кувейт узначаліў урачыстую святую Імшу ў катэдры Найсвяцейшай Сям’і. Гэтая літургія стала цэнтральнай падзеяй святкавання 65-й гадавіны кансэкрацыі храма, які з 1961 года з’яўляецца духоўным домам для тысяч мігрантаў, што прыехалі ў гэтую краіну ў пошуках лепшай будучыні.

Сімвалізм пустыні і мора

Ва ўрачыстай гаміліі іерарх параўнаў сабор з “каштоўнай жамчужынай”, якая паўстала на сутыку бясконцых пяскоў і марскога гарызонту. Ён падкрэсліў, што пустыня ў біблейскім сэнсе – гэта месца ачышчэння і голасу Яна Хрысціцеля, а мора нагадвае пра пакліканне першых вучняў і Божы Провід.

Кардынал перадаў прывітанне ад Папы Льва XIV і абвясціў аб прысваенні касцёлу Маці Божай Аравійскай у Ахмадзі тытула Малой Базілікі, што стала прызнаннем глыбокай пашаны мясцовых хрысціян да Багародзіцы. Сапраўдны сэнс святыні – не ў каменных сценах, а ў “жывых камянях” – верніках, якія ствараюць адзінае цела Хрыста.

Заклік да місіянерскай радасці

Падчас сустрэчы з духавенствам і манаскімі асобамі Апостальскага вікарыяту Паўночнай Аравіі кардынал Паралін заклікаў іх не паддавацца паражэнству. Ён нагадаў словы Пантыфіка аб тым, што Пан шукае не “ідэальных святароў”, а пакорныя сэрцы, здольныя быць сябрамі Хрыста, а не проста рэлігійнымі чыноўнікамі.

Іерарх адзначыў, што ў кантэксце Аравійскага паўвострава місія Каталіцкага Касцёла заключаецца ў тым, каб заставацца прароцтвам еднасці сярод розных культур і рэлігій.

Прыклады святасці для рэгіёна

Для натхнення кардынал узгадаў святых, чыё жыццё было звязана з дыялогам і місіяй у ісламскім свеце: Францішка Асізскага, Шарля дэ Фуко, Жазэфіну Бакіту і Даніэля Камбоні. Ён падкрэсліў, што разнастайнасць абрадаў і харызмаў у вікарыяце – гэта “светлы шлях у вялікім Божым праекце міру”.

На заканчэнне візіту Дзяржаўны сакратар прывітаў прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій, нагадаўшы пра набліжэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян і важнасць экуменічнага супрацоўніцтва ў рэгіёне Персідскага заліва.
 

16 студзеня 2026, 09:10