Пошук

Візіт кардынала Параліна ў Кувейт Візіт кардынала Параліна ў Кувейт  (@TerzaLoggia)

Святы Пасад і Кувейт развіваюць адносіны: візіт Дзяржсакратара

Візіт кардынала П’етра Параліна ў Кувейт спалучае дыпламатычныя перамовы на высокім узроўні з урачыстай Святой Імшой, падчас якой касцёл Маці Божай Аравійскай у Ахмадзі атрымае статус Малой базілікі – першай на Аравійскім паўвостраве.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Пасад і Кувейт распаўсюдзілі афіцыйны камунікат адносна візіту ў краіну кардынала Параліна. У рамках падарожжа, якое адбудзецца з 14 па 16 студзеня 2026 года, запланаваныя афіцыйныя перамовы Дзяржсакратара Яго Святасці Папы Льва XIV з прэм’ер-міністрам Кувейта, шэйхам Ахмедам аль-Абдулой ас-Сабахам.

Візіт прымеркаваны да ўрачыстасцяў з нагоды надання касцёлу Маці Божай Аравійскай у Ахмадзі тытула Малой базілікай. Папа Леў XIV прыняў такое рашэнне 28 чэрвеня 2025 года, у знак прызнання гістарычнага і духоўнага значэння гэтага найстарэйшага каталіцкага храма Кувейта і ўсяго Персідскага заліва.

Святыня ў Ахмадзі стала першай Малой базілікай на Аравійскім паўвостраве. Гэта сведчыць аб унікальнай ролі гэтага першага каталіцкага храма ў Кувейце. Першая капліца з’явілася тут ў 1948 годзе, а сучасны будынак касцёла завершаны ў 1957 годзе дзякуючы шчодрай падтрымцы мясцовых ахвярадаўцаў, чыя падтрымка працягваецца і сёння.

Урачыстае набажэнства з нагоды надання касцёлу Маці Божай Аравійскай тытула Малой базілікі адбудзецца ў Ахмадзі ў пятніцу, 16 студзеня 2026 года, у 10:00. Яго ўзначаліць кардынал П’етра Паралін.

Візіт Дзяржсакратара таксама накіраваны на ўмацаванне адносін сяброўства і супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Кувейтам. Дзяржавы падтрымліваюць дыпламатычныя сувязі з 1968 года.

15 студзеня 2026, 12:25