Кардынал Краеўскі: не заставацца абыякавымі да пакут украінцаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пасля расійскіх бамбардзіровак аб’ектаў украінскай энергасістэмы значная частка Кіева і вобласці засталася без электрычнасці і ацяплення ў моцныя маразы. Паводле прагнозаў, тэмпература паветра ў бліжэйшыя дні будзе зніжацца. Ад холаду пакутуюць тысячы людзей.
На гэтым фоне прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па міласэрным служэнні заклікаў вернікаў падтрымаць збор гуманітарнай дапамогі, які праводзіцца пры ўкраінскай грэка-каталіцкай парафіі святой Сафіі ў Рыме.
“Нельга заставацца раўнадушнымі да болю і пакут – трэба дзейнічаць – бо існуе рызыка “глабалізацыі бездапаможнасці”, як кажа Папа Леў XIV, якая з’яўляецца яшчэ больш сур’ёзнай пагрозай, чым “глабалізацыя абыякавасці”, - сцвердзіў Апостальскі элемазінарый.
Гуманітарны груз для насельніцтва Украіны, збор якога заклікаў падтрымаць кардынал Краеўскі, будзе ўключаць хімічныя грэлкі для рук, ног і цела; тэрмабялізну і флісавую вопратку; цёплыя тэрма- і воўняныя шкарпэткі; тэрма- і ізатэрмічныя коўдры для надзвычайных сітуацый; тэрмасы і тэрмакубкі; турыстычныя газавыя гарэлкі з балонамі; сухі спірт і сухі душ; энергетычныя батончыкі, арэхі і шакалад.