Дыпламатыя Святога Пасада: галоўныя падзеі 2025 года
Аляксандр Панчанка - Vatican News
З нагоды сустрэчы Льва XIV з дыпламатычным корпусам, якая адбылася 9 студзеня 2026 года, Дзяржаўны сакратарыят Яго Святасці Папы апублікаваў інфармацыю аб актуальным стане дыпламатычных адносін Апостальскай Сталіцы.
На цяперашні час Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з 184 дзяржавамі, а таксама з Еўрапейскім Саюзам і Суверэнным Мальтыйскім Ордэнам.
Прадстаўніцтвы ў Рыме
Свае прадстаўніцтвы ў Рыме маюць 93 дыпламатычныя місіі, уключаючы Еўрапейскі Саюз і Суверэнны Мальтыйскі Ордэн. У параўнанні з 2024 годам іх колькасць павялічылася на тры.
У Рыме таксама знаходзяцца офісы, акрэдытаваныя пры Святым Пасадзе, Лігі арабскіх дзяржаў, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі і Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.
Двухбаковая дзейнасць
Дзяржаўны сакратарыят прадставіў і вынікі двухбаковай дзейнасці за мінулы год. У прыватнасці паведамляецца, што 31 ліпеня было падпісана Пагадненне паміж Святым Пасадам і Італьянскай Рэспублікай аб будаўніцтве сонечнай электрастанцыі ў Санта-Марыя-дзі-Галерыя; 29 верасня – Пагадненне паміж Святым Пасадам і Федэральнай зямлёй Берлін аб стварэнні Інстытута каталіцкай тэалогіі пры Берлінскім універсітэце імя Гумбальта; 3 лістапада ўступілі ў сілу папраўкі да Пагаднення аб духоўнай апецы над узброенымі сіламі, заключанага ў Рыме і Ватыкане 13 лютага 2018 года.