Папа дыпламатам: чалавецтву пагражае "кароткае замыканне" правоў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Традыцыйная сустрэча Пантыфіка з пасламі, акрэдытаванымі пры Святым Пасадзе, сёлета набыла асаблівае адценне. Для Льва XIV гэта быў першы такі вопыт пасля абрання на Пасад Пятра.
У сваёй прамове Папа асабліва вылучыў прысутнасць новых кіраўнікоў місій з рэзідэнцыяй у Рыме, сярод якіх назваў прадстаўніка Беларусі. “Я дзякую дзяржаўным органам за іх рашэнне адкрыць у Рыме дыпламатычныя прадстаўніцтвы пры Святым Пасадзе. Гэта адчувальны знак добрых і плённых двухбаковых адносін”, - сказаў ён.
Спадчына святога Аўгустына і сучаснасць
Звяртаючыся да дыпламатаў, Святы Айцец пабудаваў сваю прамову вакол знакамітага твора святога Аўгустына "De Civitate Dei" ("Пра горад Божы"). Ён заўважыў, што хоць нашы часы далёкія ад эпохі падзення Рыма, чалавецтва зноў перажывае глыбокую перабудову геапалітычных балансаў. Папа падкрэсліў, што сённяшні свет пакутуе ад слабасці шматбаковасці, калі дыпламатыя згоды саступае месца дыпламатыі сілы.
Паводле Пантыфіка, адной з галоўных праблем сучаснасці з'яўляецца страта сувязі слоў з рэальнасцю. Леў XIV са шкадаваннем адзначыў развіццё новай мовы "оруэлаўскага тыпу", якая пад выглядам інклюзіўнасці выключае тых, хто не згодны з пануючымі ідэалогіямі. Гэта вядзе да "кароткага замыкання" правоў чалавека, дзе свабода выказвання і сумлення апынаюцца пад пагрозай.
Абарона жыцця і годнасці чалавека
Святы Пасад паслядоўна выступае ў абарону неадчужальнай годнасці асобы. Папа закрануў пытанні абароны ненароджаных, асудзіўшы практыку абортаў і сурагатнага мацярынства, якія ператвараюць жыццё ў тавар. Ён таксама заклікаў да паляпшэння ўмоў утрымання зняволеных і канчатковай адмены смяротнай кары, якая знішчае надзею на аднаўленне чалавека.
Пантыфік прывёў трывожныя даныя: 64 працэнта насельніцтва зямлі сутыкаюцца з сур'ёзнымі парушэннямі права на веравызнанне. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на пераслед хрысціян, які закранае больш за 380 мільёнаў вернікаў. Леў XIV узгадаў ахвяр насілля ў Бангладэш, Нігерыі, Мазамбіку і Сірыі, падкрэсліўшы, што рэлігійная свабода – гэта не прывілей, а права.
Сусветны боль і заклік да міру
Аналізуючы сучасную карту канфліктаў, Леў XIV канстатаваў, што прынцып недатыкальнасці меж, усталяваны пасля Другой сусветнай вайны, сёння цалкам падарваны. Гаворачы пра вайну ва Украіне, Пантыфік падкрэсліў невыносныя пакуты мірнага насельніцтва і горача заклікаў да неадкладнага спынення агню. Паводле яго слоў, міжнародная супольнасць не павінна хістацца ў пошуку справядлівых і трывалых рашэнняў, якія здольныя вярнуць надзею абяскроўленым народам.
У Святой Зямлі, нягледзячы на перамір’е, гуманітарны крызіс застаецца вострым, што патрабуе рашучых дыпламатычных крокаў. Папа пацвердзіў, што адзінай інстытуцыйнай перспектывай бачыць існаванне дзвюх дзяржаў, якія б адказвалі законным памкненням ізраільскага і палесцінскага народаў. Ён таксама выказаў глыбокую занепакоенасць ростам насілля на Заходнім беразе Ярдана, дзе людзі маюць права на бяспечнае жыццё.
Мір патрабуе пастаянных намаганняў па яго будаўніцтве і няспыннай пільнасці
Пантыфік не абышоў увагай і іншыя рэгіёны, якія ахоплены агнём ці нестабільнасцю. Ён згадаў пра сітуацыю ў Гаіці, насілле ў Судане і палітычную хісткасць Паўднёвага Судана.
У кантэксце Венесуэлы Святы Айцец заклікаў паважаць волю народа і абараняць грамадзянскія правы, ставячы ў прыклад нядаўна кананізаваных святых гэтай краіны – Хасэ Грэгорыа Эрнандэса і сястру Кармэн Рэндылес.
Асобны заклік прагучаў да краін, якія валодаюць ядзерным арсеналам, з напамінам аб важнасці працягу дзеяння дамовы "New START" і этычнага кантролю над штучным інтэлектам у ваеннай сферы.
Пакора і мужнасць прабачэння
На заканчэнне Леў XIV нагадаў, што мір – гэта не проста адсутнасць вайны, а “спакой парадку”, які патрабуе ад кожнага пакоры і мужнасці. Паводле яго думкі, перад тварам пыхі, якая заўсёды ляжыць у корані канфліктаў, чалавек павінен знайсці сілы жыць у праўдзе і ўмець прабачаць.
Хрысціянскі позірк на свет, як заўважыў Папа, бачыць гэтыя цноты ў таямніцы Божага Нараджэння і Пасхі, дзе вечнае Слова становіцца пакорнай плоццю, а асуджаны Праведнік дорыць жыццё сваім пераследнікам.
Выдатным арыенцірам для сучаснікаў павінен стаць святы Францішак Асізскі, 800-годдзе смерці якога Касцёл будзе адзначаць у кастрычніку. Леў XIV выказаў надзею на тое, што жыццё "бедняка з Асізі", напоўненае духам дыялогу, натхніць дзяржаўных дзеячаў на будаўніцтва свету з пакорнымі сэрцамі.
Папа пажадаў дыпламатам, каб іх праца спрыяла праяўленню "горада Божага" сярод зямных клопатаў, напаўняючы пачатак новага года надзеяй на братэрства і згоду.
