У Ватыкане прайшла калядная вячэра для бедных
Марыя Валодзіна - Vatican News
На супольную вячэру, арганізаваную парафіяй святога Пятра і Апостальскай элемазінарыяй пры падтрымцы Губернатарата Дзяржавы Ватыкан і Дыкастэрыі па камунікацыі, былі запрошаныя прыкладна 120 чалавек.
Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі падкрэсліў, што мэта вячэры – сабраць людзей, якія жывуць на вуліцах каля базілікі і не прымаюць дапамогу ў выглядзе прытулку, але ахвотна згаджаюцца на магчымасць павячэраць разам.
Гасцей чакалі круглыя сталы, засланыя белымі абрусамі, з чырвонай сервіроўкай, якая стварала атмасферу сапраўднага каляднага свята. Падавалі закускі, макароны з ласосем, рыбу з бульбай і традыцыйны салодкі пірог “панетонэ”.
Ежу і арганізацыю вячэры забяспечылі валанцёры з рымскага раёна Праці, мясцовыя рэстаратары, крамы і фармацэўты. Свята суправаджалі музыканты, такія як традыцыйныя дудары (zampognari) і выканаўцы сучаснай музыкі. Удзельнікі тэлешоу “Танцы з зоркамі” (“Ballando con le stelle”) забаўлялі гасцей танцамі. За кожным сталом знаходзіўся валанцёр, які слухаў гісторыі бяздомных і запісваў іх думкі на папяровыя сэрцы. Самы выдатны з гэтых запісаў будзе перададзены Льву XIV.