Пошук

Кардынал П'етра Паралін падчас візіту ў шпіталь "Bambino Gesù" Кардынал П'етра Паралін падчас візіту ў шпіталь "Bambino Gesù"  (copyright Ospedale Pediatrico Bambino Gesù)

Дзяржсакратар: Езус нараджаецца там, дзе ёсць клопат і любоў

Кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін здзейсніў візіт у ватыканскі педыятрычны шпіталь “Bambino Gesù”, каб пераказаць калядныя віншаванні Папы яго персаналу, маленькім пацыентам і членам іх сем’яў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Гэта шпіталь Божага Нараджэння не толькі таму, што ён называецца “Дзіцятка Езус”, але таму, што Езус нараджаецца кожны раз, калі вы прымаеце найменшых”, - падкрэсліў іерарх, звяртаючыся да супрацоўнікаў медыцынскай установы падчас сустрэчы, якая адбылася ў шпітальнай капліцы. Перад гэтым ён наведаў аддзяленне пульманалогіі і мукавісцыдозу, дзе прывітаў маленькіх пацыентаў і іх бацькоў.

“Праз вас я вітаю ўвесь шпіталь – персанал, кіраўніцтва, кансэкраваных асоб. Абдымаю вас з вялікай пяшчотай і перадаю прывітанне і віншаванні Папы”, - сказаў Дзяржсакратар.

Кардынал Паралін згадаў словы аднаго з бацькоў, пачутыя падчас наведвання бальніцы: “Палова аздараўлення – гэта лячэнне, а другая палова – сямейная атмасфера, блізкасць і любоў”. Ён пажадаў, каб у “Bambino Gesù” чалавечае вымярэнне заўсёды спалучалася з дасканаласцю ў аказанні медыцынскай дапамогі.

Кардынал П'етра Паралін падчас візіту ў шпіталь "Bambino Gesù"
Кардынал П'етра Паралін падчас візіту ў шпіталь "Bambino Gesù"   (copyright Ospedale Pediatrico Bambino Gesù)

Дзяржсакратар спаслаўся на словы італьянскага паэта Джавані Папіні, які казаў: Збаўца нараджаецца ў сэрцы чалавека кожны раз, калі ён дорыць радасць або палягчае боль іншаму. “Тое ж можна сказаць і пра “Bambino Gesù”: кожны раз, калі вы надаеце ўвагу дзецям і сем’ям, кожны раз, калі вы верна выконваеце сваю штодзённую працу, Езус нараджаецца зноў”, - падкрэсліў кардынал Паралін.
 

24 снежня 2025, 10:14