“Bambino Gesù” падорыць дзецям светлае Божае Нараджэнне
Аляксандр Панчанка - Vatican News
1 снежня 2025 года ва ўсіх трох сядзібах “Bambino Gesù” ў Рыме пачалі працу калядныя дабрачынныя кірмашы. Усе сродкі ад продажу падарункаў будуць накіраваныя на падтрымку праектаў шпіталя.
Адчуць святочную атмасферу Божага Нараджэння дзецям дапамагаюць таксама шматлікія агеньчыкі і дэкарацыі, якімі супрацоўнікі і валанцёры ўпрыгожылі калідоры і іншыя памяшканні бальніцы.
Асабліва чаканая падзея – прыбыццё святога Мікалая. 18 снежня ратавальнікі Нацыянальнага корпуса альпійскай і спелеалагічнай ратавальнай службы рэгіёна Лацыа, апранутыя ў касцюмы святога Мікалая і ў поўную страхавальную амуніцыю, спусцяцца з даха шпіталя, каб нечакана з’явіцца перад дзецьмі і раздаць ім падарункі.
Праект “Гасціннасць”
Гэтыя мерапрыемствы суправаджаюць галоўную калядную ініцыятыву “Bambino Gesù” – збор сродкаў для праекта “Гасціннасць”. Ён прадугледжвае комплексную праграму падтрымкі дзяцей і сем’яў з розных частак Італіі і ўсяго свету, якія ў сувязі з лячэннем у Рыме вымушаны праводзіць доўгі час далёка ад дому. Праект уключае прадастаўленне жылля, харчавання, транспарту, псіхалагічнай дапамогі, культурнай медыяцыі, моўных курсаў і школьных заняткаў.
У 2024 годзе ў праект дазволіў дапамагчы 4 351 сям’і, забяспечыўшы больш за 100 тысяч бясплатных начлегаў і шматлікія іншыя паслугі, якія палягчылі цяжкія перыяды шпіталізацыі.
Гісторыя Джуліі
Тварам сёлетняй дабрачыннай акцыі з’яўляецца 12-гадовая Джулія – дзяўчынка, якая нарадзілася на Божае Нараджэнне 2013 года. З прычыны сур’ёзнай нырачнай недастатковасці яе прыход на свет адбыўся на тры месяцы раней запланаванага тэрміну, і свае першыя ў жыцці Каляды яна правяла ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі.
“Гэта Божае Нараджэнне не было такім, як я чакала. Але мы адчулі ў шпіталі такое цяпло, якое немагчыма забыць. Медсёстры апранулі дзяцей у вясёлых святых Мікалаяў і павесілі маленькія падарункі каля іх ложачкаў. Мы адчулі сябе часткай вялікай сям’і”, - падзялілася маці дзяўчынкі.
Для сям’і Джуліі “Bambino Gesù” да сённяшняга дня застаецца надзейнай апорай. Кожны, нават невялікі, унёсак у калядную кампанію можа ператварыцца ў цёплыя абдымкі, гарачы абед, утульны пакой або менш цяжкі шлях для тысяч іншых бацькоў і дзяцей. Падтрымаць калядную ініцыятыву можна ахвяраваннямі або набываючы святочныя падарункі і прадукты на сайтах шпіталя і фонда “Bambino Gesù”.