Пошук

Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

Леў XIV скасаваў Камісію па ахвяраваннях для Святога Пасада

4 снежня 2025 года быў абнародаваны хірограф Льва XIV аб скасаванні Камісіі па ахвяраваннях для Святога Пасада. Гэтая структура была заснавана Францішкам менш чым дзевяць месяцаў таму – 11 лютага 2025 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Пытанне ахвяраванняў і збору сродкаў для Святога Пасада ўяўляе сабой важны аспект “vinculum unitatis et caritatis” паміж мясцовымі Касцёламі і Апостальскай Сталіцай, асабліва з пункту гледжання эфектыўнага выканання Пятровага служэння”, - гаворыцца ў хірографе. Паведамляецца таксама, што рашэнне аб скасаванні Камісіі стала вынікам кансультацый з Радай па эканамічных пытаннях і іншымі экспертамі.

З моманту публікацыі дакумента статут Камісіі, які быў зацверджаны ad experimentum, і ўсе прынятыя ёй акты страчваюць сваю сілу. Члены структуры спыняюць свае абавязкі, а ўся маёмасць, якая ёй належыць, павінна быць перададзена Святому Пасаду.

Нагляд за рэалізацыяй ліквідацыі Камісіі Папа даручыў старшыні Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, якім з’яўляецца арцыбіскуп Джардана Пічыноці. Сакратарыят па эканамічных пытаннях разам з рабочай групай, прызначанай ім, будзе займацца пытаннямі, якія застануцца нявырашанымі пасля ліквідацыі Камісіі.


У хірографе паведамляецца, што будзе створана рабочая група для распрацоўкі прапаноў адносна агульнага пытання збору сродкаў для Святога Пасада, а таксама вызначэння адпаведнай структуры. Рада па эканамічных пытаннях прапануе імёны членаў гэтай структуры, якія будуць прадстаўлены Папу праз Дзяржаўны сакратарыят.

Камісія па ахвяраваннях для Святога Пасада была створана для падтрымкі місіі і спраў міласэрнасці Апостальскай Сталіцы, а таксама пошуку фінансавання для канкрэтных праектаў, прапанаваных Рымскай Курыяй і Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан. Яе ўзначальваў мансеньёр Раберта Кампізі, дагэтуль саветнік па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыята. 27 верасня 2025 года Леў XIV прызначыў яго пастаянным назіральнікам Святога Пасада пры Арганізацыі ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).
 

04 снежня 2025, 13:12