Папа стварыў Камісію па ахвяраваннях для Святога Пасада
Марыя Валодзіна - Vatican News
Асноўная мэта Камісіі па ахвяраваннях для Святога Пасада (Commissio de donationibus pro Sancta Sede) – падтрымка місіі і спраў міласэрнасці Апостальскай Сталіцы, а таксама пошук фінансавання для канкрэтных праектаў, прапанаваных Рымскай Курыяй і Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан.
Камісія будзе складацца з пяці членаў, з магчымасцю павелічэння іх колькасці да шасці. Яе ўзначаліць мансеньёр Раберта Кампізі, саветнік па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыята. У склад новай структуры таксама ўвойдуць арцыбіскуп Флавіа Пачэ, сакратар Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, сястра Алесандра Смерылі, сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, сястра Сільвана Піра, намесніца сакратара Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы і адвакат Джузэпэ Пулізі-Алібрандзі, намеснік генеральнага сакратара Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.
Камісія будзе каардынаваць розныя формы збору сродкаў, у тым ліку і збор ахвяраванняў Грош святога Пятра (Obolo di San Pietro), а таксама вырашаць, якія праекты патрабуюць фінансавай падтрымкі.
У наступныя тры месяцы будзе прыняты рэгламент камісіі.