Пошук

Кардынал Герхард Людвік Мюлер Кардынал Герхард Людвік Мюлер   (@VATICAN MEDIA)

Кардынал Мюлер: тэалогія Бэнэдыкта XVI – дар для Касцёла

У вігілію трэцяй гадавіны смерці Бэнэдыкта XVI, 30 снежня 2025 года, кардынал Герхард Людвік Мюлер цэлебраваў у ватыканскай базіліцы святую Імшу ў яго інтэнцыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кардынал Мюлер заўважыў у гаміліі, прамоўленай на англійскай мове, што Ёзэф Ратцынгер успрымаў самаго сябе як “супрацоўніка праўды” і цалкам прысвяціў сябе “служэнню Божаму слову”, выразам чаго была яго навуковая руплівасць і дакладнасць.

“Ён быў адным з найвялікшых тэолагаў на Пасадзе святога Пятра. Ён пакінуў нам вялізарную тэалагічную спадчыну выключнай якасці і слушна прызнаецца адным з найвялікшых каталіцкіх інтэлектуалаў нашага часу”, - сказаў былы прэфект Дыкастэрыі веравучэння і шматгадовы блізкі супрацоўнік Бэнэдыкта XVI.

Па словах кардынала Мюлера, тэалагічная спадчына Ёзэфа Ратцынгера – гэта “дар для ўсяго Касцёла, у тым ліку для будучых пакаленняў”. “Кожны можа чэрпаць з яе згодна з уласнымі духоўнымі, тэалагічнымі, філасофскімі ці культурнымі інтарэсамі, як гістарычнымі, так і сучаснымі”, - сцвердзіў нямецкі іерарх.

Бэнэдыкт XVI адышоў у вечнасць 31 снежня 2022 года ў кляштары “Mater Ecclesiae” у Ватыканскіх садах, дзе жыў як Папа-эмерыт пасля адрачэння ад пасады Біскупа Рыма. Ён пахаваны ў гротах Базілікі Святога Пятра, у крыпце, дзе да беатыфікацыі спачывалі спачатку Ян XXIII, а потым Ян Павел II.
 

31 снежня 2025, 08:27