Арцыбіскуп Генсвайн пра Бэнэдыкта XVI: ёсць сведчанні аб цудах
Ян Глінскі
На старонках італьянскага штодзённіка “Il Tempo” з’явілася інтэрв’ю з былым сакратаром Папы Бэнэдыкта XVI арцыбіскупам Георгам Генсвайнам. Цяперашні нунцый у Літве, Латвіі і Эстоніі паведаміў, што ўжо пэўны час атрымлівае мноства лістоў са сведчаннямі аб цудоўных здарэннях, якія адбываюцца пасля малітвы і просьбаў да Папы Бэнэдыкта аб заступніцтве.
“Гэтыя сведчанні даходзяць да мяне з усяго свету, яны вельмі падрабязныя і дакладныя. Я збіраю іх па меры паступлення, але, калі я звязаўся з Дыкастэрыяй па справах кананізацыі, то атрымаў адказ, што адкрытага кананічнага працэсу няма, і таму я павінен сам збіраць матэрыялы. З іншага боку, Касцёл мудра ўстанавіў, што перад пачаткам кананічнага працэсу ў гэтай справе трэба пачакаць не менш за пяць гадоў пасля смерці патэнцыйнага благаслаўлёнага. За выключэннем, вядома, выпадкаў, выразна акрэсленых і падпарадкаваных бясспрэчнаму рашэнню Папы”, - адзначыў іерарх. Так было ў выпадку з Янам Паўлам II, і менавіта Бэнэдыкт XVI вырашыў адысці ад гэтага правіла.
Спадчына, якая была захавана без ведама Папы-эмерыта
11 снежня 2025 года ў Рыме адбылася прэзентацыя зборніка неапублікаваных гамілій Бэнэдыкта XVI “Бог – сапраўдная рэчаіснасць”. Гэтае выданне стала свайго роду падсумаваннем усяго жыцця і думкі Ёзафа Ратцынгера. Аднак, па словах арцыбіскупа Генсвайна, калекцыя дадзеных гамілій назапашвалася без ведама Папы-эмерыта.
“Ёзэф Ратцынгер заўсёды працягваў прапаведаваць, нават будучы Папам-эмерытам. Ён рабіў гэта ў кляштары Mater Ecclesiae, месцы, куды ён сышоў пасля адстаўкі, – падзяліўся былы сакратар Пантыфіка. – Часам ён рабіў гэта толькі ў нашай прысутнасці, а часам запрашаў гасцей. Кожную нядзелю, з 2013 года да канца 2018 года, калі яго голас пачаў слабнуць, Папа Бэнэдыкт прапаведаваў. І менавіта ў гэтыя гады ён прамаўляў свае самыя прыгожыя і значныя навукі і казанні”. Менавіта гэтыя гаміліі на працягу некалькіх гадоў у таямніцы запісваліся яго найбліжэйшымі супрацоўнікамі, пра што Бэнэдыкт XVI так і не даведаўся. “Мы хацелі, каб гэтыя цудоўныя гаміліі, гэтыя кранальныя казанні захаваліся”, – дадаў арцыбіскуп Генсвайн.
Ёзаф Ратцынгер – прарок сацыяльных і культурны змен
Былы сакратар Бэнэдыкта XVI указаў на дар, які Ёзэф Ратцынгер заўсёды ў сабе меў, нават у часы сваёй кар’еры ўніверсітэцкага прафесара: ён меў прарочы позірк на гісторыю чалавецтва. Па словах арцыбіскупа Генсвайна, лекцыі Ёзэфа Ратцынгера “надзвычай актуальныя і сёння”. “У 1958 годзе ён напісаў артыкул для нямецкага тэалагічнага часопіса пад назвай “Новыя язычнікі”. Гэта было выразнае тлумачэнне павольнай і няўмольнай дэхрысціянізацыі Еўропы, якое праз больш чым шэсцьдзесят пяць гадоў, здаецца, апісвае цяперашнюю сітуацыю. Ёзэф Ратцынгер быў прарочым чалавекам на працягу ўсяго свайго жыцця, маючы дар прадбачання сацыяльных і культурных змен, як мала хто іншы”, – падкрэсліў найбліжэйшы супрацоўнік памерлага Пантыфіка.
Бэнэдыкт XVI і музыка
Арцыбіскуп Генсвайн распавёў таксама пра стаўленне Бэнэдыкта XVI да музыкі. “Можна сказаць, што з дзяцінства ён усімі лёгкімі дыхаў паветрам Моцарта. У яго доме ўсе ігралі на музычных інструментах, а яго брат, Георг Ратцынгер, быў дасведчаным арганістам і хормайстрам. Ёзэф жа аддаваў перавагу фартэпіяна, на якім ён іграў усё жыццё, пакуль дазвалялі сілы”, – распавёў іерарх.
“Што да сакральнай музыкі, Папа Бэнэдыкт лічыў яе найбольш прыдатнай, высакароднай і ўрачыстай формай выражэння і цэлебрацыі таямніцаў веры. Сакральнай музыцы ён надаваў такое ж значэнне, як і святасці літургіі як знаку любові і павагі да Бога”, - працягваў арцыбіскуп Генсвайн.
Супраца, якая дапамагла зразумець дынаміку міжнароднай дыпламатыі
24 чэрвеня 2024 года Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Георга Генсвайна Апостальскім нунцыем у Літве, Латвіі і Эстоніі. Гэта быў цалкам новы вопыт для былога прэфекта Папскага дома і пры тым у вельмі далікатны гістарычны момант для гэтых балтыйскіх краін. Як адзначыў арцыбіскуп Генсвайн, ён не вучыўся ў Папскай касцельнай акадэміі, але падчас свайго служэння поруч з Папам і ў ватыканскіх структурах ён “меў магчымасць сустрэцца амаль з усімі вялікімі людзьмі гэтага свету і крыху зразумець дынаміку міжнароднай дыпламатыі”.