Пошук

Кардынал Лазарус Ю Хён-сік Кардынал Лазарус Ю Хён-сік  (ANSA)

Кардынал Ю: служэнне святароў – незаменнае ў місіі Касцёла

Вернасць пакліканню, адзінства ў святарскім жыцці, клопат пра пакліканні і выклікі евангелізацыі ў лічбавым свеце – гэтыя тэмы вылучыў кардынал Лазарус Ю Хён-сік, каментуючы Апостальскі ліст Льва XIV “Una fedeltà che genera futuro”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства звярнуў увагу на важнасць гэтага папскага паслання “ў эпоху, калі святарства можа ўспрымацца як спадчына даўняга свету, асуджаная на знікненне, або – з прычыны шматлікіх і балючых скандалаў – як пакліканне, якое страціла сваю прыцягальнасць, прыгажосць і актуальнасць”.

“Думаю, што гэты Апостальскі ліст нагадвае ўсяму святому Божаму народу: святарства – цудоўны дар, найвышэйшая адказнасць, але перадусім незаменнае служэнне ў місіі Касцёла, якім яго задумаў Пан Езус”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю “Vatican News”.

Без вернасці пакліканню не можа быць будучыні

Спасылаючыся на назву дакумента – “Una fedeltà che genera futuro” (Вернасць, якая нараджае будучыню), кардынал Ю падкрэсліў, што вернасць пакліканню – гэта крыніцай будучыні святарства.

“Вернасць, асабліва ў заходнім свеце, часта ўспрымаецца амаль як антыкаштоўнасць – нешта для застылых, статычных людзей з мінулага. Нічога падобнага! Будучыня Касцёла заўсёды будуецца ў сучаснасці, якая ўкаранёная ў гісторыю і традыцыю і жывіцца гэтымі каранямі. Відавочна, што вернасць не азначае закрытасці на творчасць Духа Святога, але патрабуе ад усіх пасвячаных служыцеляў пастаяннай унутранай вернасці пакліканню Пана і місіі, даручанай нам праз Касцёл. Вернасць з’яўляецца мерай любові. Сапраўдная і аўтэнтычная любоў, не засяроджаная на сабе, жывіцца перадусім Божым Словам і праяўляецца ў вернасці ў малых і вялікіх справах. Таму лічу, што ліст Святога Айца паказвае шлях, якім павінны ісці і мы, у Дыкастэрыі па справах духавенства, каб захоўваць, абвяшчаць і ўзрошчваць прыгажосць святарства, вернага Хрысту, Ягонаму Слову і Касцёлу”, - сказаў ён.

Братэрства – супрацьяддзе ад самазамкнёнасці

На думку кардынала Ю, Папу асабліва блізкая тэма адзінства ў святарскім жыцці. “Ніводзін святар не можа жыць і дзейнічаць у адзіноце: усе яны ўключаныя ў касцельную камунію і разам з іншымі пасвячанымі служыцелямі і святым Божым народам выконваюць адну і тую ж місію. Я цалкам падзяляю заклік Святога Айца настойваць на вымярэнні адзінства і на прыняцці сінадальнай формы, уласцівай касцельнай супольнасці, якая можа стаць канкрэтным і плённым супрацьяддзем ад самазамкнёнасці і ізаляцыі – звычайных спакусаў у святарскім жыцці. Братэрскія і сяброўскія адносіны з біскупам, сапраўдныя сувязі з братамі-святарамі і дыяканамі, а таксама адносіны суадказнасці са свецкімі – гэта не другасныя элементы жыцця прэзбітэра, але сапраўдныя плённыя асяроддзі, у якіх пакліканне і яго спецыфіка, не раствораныя ў “мы”, знаходзяць сваю паўнату. Касцёл, які глыбей жыве сінадальнасцю – гэта не Касцёл, што проста размяркоўвае ролі або становіцца дэмакратычным, але Касцёл, які імкнецца да сапраўднай суадказнасці ў падзеле касцельнай місіі згодна з асаблівасцямі кожнага дзеля росту Валадарства Божага”, - адзначыў іерарх.

Пан працягвае клікаць усіх да поўнага жыцця

Закранаючы тэму пакліканняў, кардынал Ю заўважыў, што крызіс у гэтай сферы датычыць не ўсяго Касцёла, але асобных яго частак, асабліва тых, дзе секулярызацыя ахапіла ўсе ўзроўні грамадства.

“Больш за тое, у крызісе, здаецца, знаходзяцца ўсе пакліканні, а не толькі служэнне святароў. Свет, які заахвочвае да часовых, частковых сувязяў і адгаворвае ад стабільных і трывалых – скажам, верных – абавязкаў, адхіляе людзей ужо ад самога пошуку свайго паклікання, не кажучы пра вытрываласць у ім. Таму, як Касцёл, асабліва ў святле гэтага тэксту Святога Айца, мы не павінны мірыцца з такім станам рэчаў. Трэба настойліва абвяшчаць прыгажосць і ўзаемадапаўняльную разнастайнасць усіх пакліканняў – ад сужэнства да кансэкраванага жыцця і святарскага служэння, бо ўсе яны спрыяюць будаванню Касцёла і шчаслівай самарэалізацыі асобы. Менавіта таму Папа Леў XIV заклікае прымаць плённыя пастырскія стылі, якія не імкнуцца змяншаць або размываць радыкальную прапанову Евангелля, але абвяшчаюць яе без страху, упэўненыя, што Пан працягвае клікаць кожнага і ўсіх да паўнавартаснага і напоўненага сэнсам жыцця дзеля дабра ўсяго Касцёла”, - сцвердзіў іерарх.

Выклік евангелізацыі ў інтэрнэце

Кардынал Ю пракаментаваў таксама словы Папы адносна прысутнасці святароў у лічбавым свеце. “Відавочна, што прастора інтэрнэту, і асабліва сацыяльныя сеткі, могуць і нават павінны быць месцамі, дзе святары прысутнічаюць і абвяшчаюць Евангелле. Але разам з тым з тэксту Святога Айца выразна вынікае заклік, каб кожны святар сваім жыццём – у духу Хрысціцеля – заўсёды ўказваў на Хрыста, а не на самога сябе, у сілу той неабходнай схаванасці, якая служыць евангелізацыі. У “прасторы”, дзе вобраз і спосаб камунікацыі маюць вырашальнае значэнне, гэта можа быць вельмі складана. Таму лічу, што разважанне пра евангелізацыю, да якога заклікае Святы Айцец, павінна стаць прадметам далейшых разваг і ў нашай Дыкастэрыі, каб даць усім неабходныя інструменты для мудрага знаходжання ў асяроддзях і кантэкстах, якія нясуць новыя асаблівасці для місіі Касцёла. І тут таксама патрэбныя большая свядомасць і належная падрыхтоўка – без страху і закрытасці, але з імпэтам і запалам да заўсёды новага абвяшчэння Евангелля, у вернасці пакліканню, каб нараджаць будучыню”, - сцвердзіў іерарх.
 

23 снежня 2025, 09:18