Абрад у Папскай Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ Абрад у Папскай Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ першай зачыніць Святую Браму

Завяршаецца Юбілейны год. 25 снежня ўрачыста зачыніцца Святая Брама Папскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме. За ёй адна за адной зачыняцца Святыя Брамы трох іншых папскіх базілік Вечнага горада.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Набліжаецца завяршальны этап насычанай праграмы Юбілею надзеі. 25 снежня 2025 года ўрачыста зачыніцца Святая Брама Папскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. 27 снежня, у 11:00, будзе зачыненая Святая Брама Базілікі святога Яна на Латэране. Абрад узначаліць кардынал Бальдасарэ Рэйна, вікарый Рымскай дыяцэзіі і архіпрэсбітэр латэранскай базілікі.

28 снежня, у 10:00, зачыніць Святую Браму Базіліка святога Паўла па-за мурамі. Абрад правядзе архіпрэсбітэр, кардынал Джэймс Майкл Харві. Апошняй Святую Браму зачыніць Базіліка святога Пятра. Гэта адбудзецца 6 студзеня, у свята Аб'яўлення Пана. Урачыстую літургію з гэтай нагоды ўзначаліць Папа Леў XIV. Яна распачнецца ў 9:30 гадзін раніцы.

Абрад у Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ

Святая Брама галоўнай марыйнай базілікі Рыма была адчыненая 1 студзеня 2025 года. За год праз яе прайшлі больш за 20 мільёнаў пілігрымаў з усяго свету. Яны прыходзілі сюды, каб адсвяткаваць Юбілей пад матчыным позіркам абраза Salus Populi Romani, які захоўваецца ў гэтай святыні.

Дата абраду была абраная невыпадкова. Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ лічыцца базілікай Божага Нараджэння, бо тут захоўваецца рэліквія Святой калыскі, у якую быў пакладзены нованароджаны Езус. Калыска з’яўляецца сведкам надзеі – галоўнай тэмы Святога года. Яна нагадвае аб тым, што асновай веры з’яўляецца Добрая навіна пра Бога, які стаў чалавекам дзеля любові і збаўлення чалавецтва.

Урачыстасць, якую ўзначаліць кардынал Раландас Макрыцкас, архіпрэсбітэр базілікі, пачнецца ў 17:00 з Нешпараў. Святую Браму зачыняць у 18:00. Абрад будзе суправаджацца гукамі старажытнага звону “Заблудная” (Sperduta), гісторыя якога нагадвае пра сэнс паломніцтва: гэта не блуканне без мэты, а шлях, на якім чалавека да бяспечнай мэты вядзе міласэрны позірк Пана. Урачыстасць завершыцца Эўхарыстыяй.

Для падрыхтоўкі да абраду базіліка будзе зачынена для наведвальнікаў з 15:00 да 16:00. Пасля гэтага ўваход будзе дазволены выключна для ўдзелу ў цэлебрацыі і толькі пры наяўнасці свабодных месцаў. Для тых, хто не зможа трапіць у храм, будзе арганізавана трансляцыя на вялікім экране на плошчы Санта-Марыя-Маджорэ, а таксама прамая трансляцыя на афіцыйнай старонцы базілікі ў Facebook і на тэлебачанні (каналы 75 і 76 Telepace).

Святы год стаў для Касцёла асаблівым момантам духоўнага абнаўлення. Абвешчаны Францішкам у буле “Spes non confundit”, ён завяршаецца Львом XIV. Такая сітуацыя, калі Юбілей праходзіць пры двух пантыфікатах, мае толькі адзін гістарычны прэцэдэнт, які датуецца 1700 годам.

Для Папскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ гэтая акалічнасць набыла глыбокае значэнне, бо менавіта яе Папа Францішак абраў месцам свайго зямнога спачыну. Пілігрымкі мільёнаў вернікаў сталі не толькі духоўным шляхам надзеі, але і кранальнай данінай памяці Францішку, чыя сувязь з народам Божым працягвае адчувацца і сёння. Пра гэта сведчаць доўгія чэргі да яго магілы і візіты васьмідзесяці афіцыйных дэлегацый з розных краін свету.

18 снежня 2025, 15:00