У Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ адчынілі Святую Браму
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пасля кароткай малітвы іерарх адчыніў Святую Браму пад урачысты перазвон званоў і першым пераступіў парог. За ім прайшла працэсія духавенства і вернікаў. Пасля гэтага ў старажытнай базіліцы, прысвечанай Панне Марыі, адбылася эўхарыстычнае набажэнства. У гаміліі кардынал Макрыцкас паразважаў пра ролю Маці Божай як пуцяводнай зоркі чалавецтва. Ён заклікаў вернікаў распачаць духоўнае падарожжа пад яе апекай.
Спасылаючыся на словы апостала Паўла, іерарх патлумачыў, што Марыя ўвасабляе паўнату часу, з’яўляючыся шляхам, які абраў Бог, каб прывесці людзей да збаўлення. "Праз яе злучаюцца вечнасць і гісторыя. Яна – Беззаганная Маці, якая прыўносіць бясконцы Божы час у нашы абмежаваныя жыцці", - сказаў ён.
Арцыбіскуп Макрыцкас нагадаў аб тым, што ў базіліцы захоўваюцца абраз Маці Божай Salus Populi Romani і рэліквія Святой Калыскі. Яны нагадваюць пра міласэрнасць і мацярынскую апеку Марыі, якая накіроўвае людзей да Хрыста. “Там, дзе прысутнічае Багародзіца, не пануе замяшанне, не перамагае страх”, - сказаў кардынал Макрыцкас.
Юбілейнае падарожжа – гэта не проста фізічная пілігрымка, але і глыбока духоўны час, час надзеі і аднаўлення, падкрэсліў іерарх. Ён заклікаў кожнага пілігрыма прайсці гэты шлях пад заступніцтвам Маці Божай, каб адшукаць шлях да Езуса. “Ніхто не выключаны з гэтага шляху надзеі. Марыя, наша Маці, застаецца побач з кожным з нас. Яна любіць нас усіх без выключэння і заўсёды прыводзіць да свайго Сына", - сказаў дапаможны архіпрэзбітэр папскай базілікі.
Нагадаем, што першую Святую Браму гэтага Юбілейнага года Францішак адчыніў у Базіліцы святога Пятра ў вігілію Божага нараджэння, 24 снежня 2024 года. Таксама Святы Айцец пажадаў асабіста адчыніць Браму ў касцёле рымскай турмы Рэбібія. Гэта адбылося 26 снежня. У рымскай катэдры Святога Яна на Латэране абрад прайшоў ва ўрачыстасць Святой Сям'і, 29 снежня. У той жа дзень Юбілей распачаўся і ў мясцовых Касцёлах. У Рыме засталося адчыніць Святую Браму ў Базіліцы святога Паўла за мурамі. Гэта адбудзецца ў нядзелю, 5 студзеня 2025 года. Пілігрымка ў Рым, праход праз Святую Браму і выкананне іншых умоў даюць вернікам магчымасць атрымання поўнага адпусту.