Арцыбіскуп Мурад – лаўрэат прэміі святога Яна Паўла ІІ
Vatican News
Узнагарода прысуджана арцыбіскупу Мураду “у знак прызнання заслуг яго жыцця, сведчання веры, хрысціянскай любові, міжрэлігійнага дыялогу і руплівай працы дзеля міру і прымірэння”. Такімі словамі кардынал Кох абгрунтаваў рашэнне Фонда святога Яна Паўла II аб прысуджэнні прэміі сёлетняму лаўрэату.
Арцыбіскуп Мурад атрымаў Прэмію з рук айца Паўла Пташніка, старшыні ватыканскага Фонду Яна Паўла II. Гэты фонд быў заснаваны з мэтай папулярызацыі ідэй і дзейнасці святога Папы Яна Паўла ІІ і распаўсюджвання ведаў пра яго ўплыў на жыццё Касцёла.
У цырымоніі бралі ўдзел кардынал Марыё Дзенары, апостальскі нунцый у Сірыі, і кардынал Джэймс Харві, архіпрэзбітэр Базілікі святога Паўла па-за мурамі. Прысутнічала таксама былы прэм’ер-міністр Польшчы Ганна Сухоцкая, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і духавенства.
Кардынал Кох выказаў падзяку арцыбіскупу Мураду за яго сведчанне веры і жыццёвы прыклад, успомніўшы словы святога Яна Паўла ІІ пра важнасць экуменічнага дыялогу і пра тое, што Касцёл павінен дыхаць двума лёгкімі — усходнім і заходнім. Гэтай ідэі цалкам адпавядае служэнне арцыбіскупа Мурада, які, нягледзячы на выкраданне і катаванні тэрарыстамі ІДІЛ, застаўся верным сваёй веры і стаў апосталам прымірэння, - падкрэсліў кардынал Кох.
Гісторык і заснавальнік супольнасці святога Эгідзія Андрэа Рыкардзі таксама адзначыў гэтую асаблівасць сіра-каталіцкага мітрапаліта, падкрэсліўшы, што яго жаданне “жыць разам сярод розных людзей як браты” павінна стаць пасланнем для ўсіх.
У сваю чаргу, арцыбіскуп Мурад назваў прэмію прызнаннем духоўнай, сацыяльнай і інтэлектуальнай працы, якую здзяйсняе Касцёл у Сірыі. Хрысціяне і мусульмане пакліканыя прызнаваць і развіваць сувязі, якія іх яднаюць, - заявіў ён, падкрэсліваючы, што тэалагічныя даследаванні і міжрэлігійны дыялог — гэта не проста адзін з варыянтаў, а жыццёвая неабходнасць нашага часу, асабліва для разбуранай вайной Сірыі. Ён дадаў, што краіна мае найбольшую патрэбу ў салідарнасці, каб дапамагчы ёй рухацца наперад да прымірэння і дэмакратыі.