Прэмія імя Яна Паўла ІІ прысуджана арцыбіскупу Жаку Мураду Прэмія імя Яна Паўла ІІ прысуджана арцыбіскупу Жаку Мураду  (© don Marek Weresa)

Арцыбіскуп Мурад – лаўрэат прэміі святога Яна Паўла ІІ

18 кастрычніка 2025 года ў Ватыкане адбылася цырымонія ўручэння прэміі імя святога Яна Паўла II, якую сёлета атрымаў сіра-каталіцкі мітрапаліт Хомса, арцыбіскуп Жак Мурад. Урачыстасць узначаліў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох.

Vatican News

Узнагарода прысуджана арцыбіскупу Мураду “у знак прызнання заслуг яго жыцця, сведчання веры, хрысціянскай любові, міжрэлігійнага дыялогу і руплівай працы дзеля міру і прымірэння”. Такімі словамі кардынал Кох абгрунтаваў рашэнне Фонда святога Яна Паўла II аб прысуджэнні прэміі сёлетняму лаўрэату.

Арцыбіскуп Мурад атрымаў Прэмію з рук айца Паўла Пташніка, старшыні ватыканскага Фонду Яна Паўла II. Гэты фонд быў заснаваны з мэтай папулярызацыі ідэй і дзейнасці святога Папы Яна Паўла ІІ і распаўсюджвання ведаў пра яго ўплыў на жыццё Касцёла.

У цырымоніі бралі ўдзел кардынал Марыё Дзенары, апостальскі нунцый у Сірыі, і кардынал Джэймс Харві, архіпрэзбітэр Базілікі святога Паўла па-за мурамі. Прысутнічала таксама былы прэм’ер-міністр Польшчы Ганна Сухоцкая, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і духавенства.

Кардынал Кох выказаў падзяку арцыбіскупу Мураду за яго сведчанне веры і жыццёвы прыклад, успомніўшы словы святога Яна Паўла ІІ пра важнасць экуменічнага дыялогу і пра тое, што Касцёл павінен дыхаць двума лёгкімі — усходнім і заходнім. Гэтай ідэі цалкам адпавядае служэнне арцыбіскупа Мурада, які, нягледзячы на выкраданне і катаванні тэрарыстамі ІДІЛ, застаўся верным сваёй веры і стаў апосталам прымірэння, - падкрэсліў кардынал Кох.

Гісторык і заснавальнік супольнасці святога Эгідзія Андрэа Рыкардзі таксама адзначыў гэтую асаблівасць сіра-каталіцкага мітрапаліта, падкрэсліўшы, што яго жаданне “жыць разам сярод розных людзей як браты” павінна стаць пасланнем для ўсіх.

У сваю чаргу, арцыбіскуп Мурад назваў прэмію прызнаннем духоўнай, сацыяльнай і інтэлектуальнай працы, якую здзяйсняе Касцёл у Сірыі. Хрысціяне і мусульмане пакліканыя прызнаваць і развіваць сувязі, якія іх яднаюць, - заявіў ён, падкрэсліваючы, што тэалагічныя даследаванні і міжрэлігійны дыялог — гэта не проста адзін з варыянтаў, а жыццёвая неабходнасць нашага часу, асабліва для разбуранай вайной Сірыі. Ён дадаў, што краіна мае найбольшую патрэбу ў салідарнасці, каб дапамагчы ёй рухацца наперад да прымірэння і дэмакратыі.

Цырымонія ўручэння прэміі імя святога Яна Паўла II
Цырымонія ўручэння прэміі імя святога Яна Паўла II   (© don Marek Weresa)
20 кастрычніка 2025, 11:51