Ватыканскія музеі: выстава знойдзенага шэдэўра Мантэньі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Выстава будзе праходзіць у Пінакатэцы Ватыканскіх музеяў. Палатно Мантэньі прывезлі сюды з санктуарыя Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Пампеях, дзе яно звычайна захоўваецца. Экспазіцыя вяртае навуковай супольнасці і аматарам мастацтва твор, які раней лічыўся страчаным.
Палатно "Зняцце з крыжа" было задакументавана яшчэ ў XVI стагоддзі ў Базіліцы Сан-Даменіка-Маджорэ ў Неапалі, але пазней знікла з гістарычных крыніц, што выклікала сумневы наконт яе сапраўднага існавання і аўтарства. Вырашальную ролю ў атрыбуцыі адыграла гісторыка-мастацкае даследаванне, праведзенае Стэфана Дэ Міэры з Універсітэта сястры Уршулі Бенінказа ў Неапалі.
"Калі арцыбіскуп Пампеі, мансеньёр Тамаза Капута, запрасіў нас азнаёміцца з творам у сакавіку 2022 года, мы адразу зразумелі, што пад пластамі фарбы хаваецца незвычайны жывапісны матэрыял. Рэстаўрацыя раскрыла іканаграфічныя і тэхнічныя дэталі, якія пацвярджаюць аўтарства Андрэа Мантэньі, вяртаючы гісторыі мастацтва шэдэўр, які лічыўся страчаным", - паведаміла дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята.
Выстава адкрыецца ў чацвер, 20 сакавіка 2025 года, і размесціцца ў 17-й Зале Ватыканскай пінакатэкі. Яе наведванне ўключана ў кошт уваходнага білета Ватыканскіх музеяў. Экспазіцыя будзе працаваць штодня, акрамя нядзелі, з 8:00 да 20:00. Выставу дапоўняць навуковы каталог і відэафільм, які распавядае пра складаны працэс рэстаўрацыі шэдэўра.