"Зняцце з крыжа" Мантэньі "Зняцце з крыжа" Мантэньі 

Ватыканскія музеі: выстава знойдзенага шэдэўра Мантэньі

У Ватыканскіх музеях адкрыецца выстава “Мантэнья з Пампеяў. Знойдзены шэдэўр”. На ёй можна будзе пабачыць "Зняцце з крыжа" знакамітага італьянскага мастака эпохі Рэнесансу. Нядаўняя рэстаўрацыя канчаткова пацвердзіла аўтарства Андрэа Мантэньі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Выстава будзе праходзіць у Пінакатэцы Ватыканскіх музеяў. Палатно Мантэньі прывезлі сюды з санктуарыя Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Пампеях, дзе яно звычайна захоўваецца. Экспазіцыя вяртае навуковай супольнасці і аматарам мастацтва твор, які раней лічыўся страчаным.

Палатно "Зняцце з крыжа" было задакументавана яшчэ ў XVI стагоддзі ў Базіліцы Сан-Даменіка-Маджорэ ў Неапалі, але пазней знікла з гістарычных крыніц, што выклікала сумневы наконт яе сапраўднага існавання і аўтарства. Вырашальную ролю ў атрыбуцыі адыграла гісторыка-мастацкае даследаванне, праведзенае Стэфана Дэ Міэры з Універсітэта сястры Уршулі Бенінказа ў Неапалі.

"Калі арцыбіскуп Пампеі, мансеньёр Тамаза Капута, запрасіў нас азнаёміцца з творам у сакавіку 2022 года, мы адразу зразумелі, што пад пластамі фарбы хаваецца незвычайны жывапісны матэрыял. Рэстаўрацыя раскрыла іканаграфічныя і тэхнічныя дэталі, якія пацвярджаюць аўтарства Андрэа Мантэньі, вяртаючы гісторыі мастацтва шэдэўр, які лічыўся страчаным", - паведаміла дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята.

Выстава адкрыецца ў чацвер, 20 сакавіка 2025 года, і размесціцца ў 17-й Зале Ватыканскай пінакатэкі. Яе наведванне ўключана ў кошт уваходнага білета Ватыканскіх музеяў. Экспазіцыя будзе працаваць штодня, акрамя нядзелі, з 8:00 да 20:00. Выставу дапоўняць навуковы каталог і відэафільм, які распавядае пра складаны працэс рэстаўрацыі шэдэўра.

18 сакавіка 2025, 16:20