Святы Пасад: хрысціяне і мусульмане пакліканы несці свету надзею
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Рамадан – гэта час малітвы, посту і салідарнасці, калі мусульмане імкнуцца наблізіцца да Бога і абнавіцца ў веры і спагадзе. Сёлета большая частка гэтага перыяду супадае з хрысціянскім Вялікім постам, што стварае выключную магчымасць для сумеснага духоўнага шляху ачышчэння, малітвы і ўчынкаў міласэрнасці, - гаворыцца ў дакуменце Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, які быў апублікаваны 7 сакавіка 2025 года за подпісам кардынала Джорджа Кувакада.
Іерарх заўважыў, што, нягледзячы на адметнасці, абедзве духоўныя практыкі садзейнічаюць унутранаму ператварэнню. Да яго пакліканы вернікі, каб станавіцца сведкамі братэрства і сапраўднага дыялогу, якіх прагне сучасны свет, пазначаны несправядлівасцю, канфліктамі і няпэўнасцю адносна будучыні.
У дакуменце адзначаецца, што мусульмане і хрысціяне павінны несці людзям надзею, укаранёную ў веры. “Наша вера ў Бога – гэта скарб, які аб’ядноўвае нас значна больш, чым нашы адрозненні. Яна нагадвае нам, што ўсе мы – істоты духоўныя, уцелаўлёныя і любімыя, пакліканыя жыць у годнасці і ўзаемнай павазе. І мы хочам быць ахоўнікамі гэтай святой годнасці, не прымаючы ніякіх формаў гвалту, дыскрымінацыі і адчужэння. Сёлета, калі дзве нашы духоўныя традыцыі лучацца ў святкаванні Рамадана і Вялікага посту, у нас ёсць унікальная магчымасць паказаць свету, што вера пераўтварае людзей і грамадства і з’яўляецца рухаючай сілай для адзінства і прымірэння”, - падкрэсліў прэфект.
Кардынал Кувакад заклікаў вызнаўцаў ісламу і хрысціянства разам будаваць культуру дыялогу, жыць ва ўзаемнай павазе, супрацьстаяць раўнадушшу і несправядлівасці і абвяшчаць прыгажосць разнастайнасці чалавецтва. “Наша сяброўства павінна несці свежы вецер свету, які прагне міру і братэрства”, - дадаў прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.