Малітва мусульман у Пакістане Малітва мусульман у Пакістане  (ANSA)

Святы Пасад: хрысціяне і мусульмане пакліканы несці свету надзею

“Мы хочам проста супрацоўнічаць дзеля лепшага свету ці быць сапраўднымі братамі і сёстрамі, сведкамі сяброўства Бога з усім чалавецтвам?” – гэтае пытанне гучыць у сёлетнім пасланні Святога Пасаду да вызнаўцаў ісламу з нагоды месяца Рамадана і свята Ід аль-Фітр.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Рамадан – гэта час малітвы, посту і салідарнасці, калі мусульмане імкнуцца наблізіцца да Бога і абнавіцца ў веры і спагадзе. Сёлета большая частка гэтага перыяду супадае з хрысціянскім Вялікім постам, што стварае выключную магчымасць для сумеснага духоўнага шляху ачышчэння, малітвы і ўчынкаў міласэрнасці, - гаворыцца ў дакуменце Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, які быў апублікаваны 7 сакавіка 2025 года за подпісам кардынала Джорджа Кувакада.

Іерарх заўважыў, што, нягледзячы на адметнасці, абедзве духоўныя практыкі садзейнічаюць унутранаму ператварэнню. Да яго пакліканы вернікі, каб станавіцца сведкамі братэрства і сапраўднага дыялогу, якіх прагне сучасны свет, пазначаны несправядлівасцю, канфліктамі і няпэўнасцю адносна будучыні.

У дакуменце адзначаецца, што мусульмане і хрысціяне павінны несці людзям надзею, укаранёную ў веры. “Наша вера ў Бога – гэта скарб, які аб’ядноўвае нас значна больш, чым нашы адрозненні. Яна нагадвае нам, што ўсе мы – істоты духоўныя, уцелаўлёныя і любімыя, пакліканыя жыць у годнасці і ўзаемнай павазе. І мы хочам быць ахоўнікамі гэтай святой годнасці, не прымаючы ніякіх формаў гвалту, дыскрымінацыі і адчужэння. Сёлета, калі дзве нашы духоўныя традыцыі лучацца ў святкаванні Рамадана і Вялікага посту, у нас ёсць унікальная магчымасць паказаць свету, што вера пераўтварае людзей і грамадства і з’яўляецца рухаючай сілай для адзінства і прымірэння”, - падкрэсліў прэфект.

Кардынал Кувакад заклікаў вызнаўцаў ісламу і хрысціянства разам будаваць культуру дыялогу, жыць ва ўзаемнай павазе, супрацьстаяць раўнадушшу і несправядлівасці і абвяшчаць прыгажосць разнастайнасці чалавецтва. “Наша сяброўства павінна несці свежы вецер свету, які прагне міру і братэрства”, - дадаў прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.
 

07 сакавіка 2025, 12:40