Рэкалекцыі ў Ватыкане: кожны жэст любові мае каштоўнасць для Бога
Марыя Валодзіна - Vatican News
Езус прапануе вечнасць як дар, які трэба прыняць, а не як узнагароду, якую трэба заваяваць. Евангельскі эпізод з багатым юнаком паказвае кантраст паміж тымі, хто шукае вечнае жыццё як узнагароду, і заклікам Хрыста пакінуць усё, каб ісці за Ім. Багаты юнак, няздольны адарвацца ад свайго багацця, сыходзіць засмучаны. Тады Пётр пытаецца, што атрымаюць тыя, хто пакінуў усё, і Езус абяцае тым, хто цалкам давярае Яму, вечнае жыццё, - нагадаў папскі прапаведнік.
Гэтая цяжкасць тычыцца кожнага: мы баімся пакінуць тое, што нам дорага, нават калі само жыццё прымушае нас гэта рабіць. Езус заклікае нас прадбачыць гэты пераход, робячы вечнасць існуючай ужо цяпер рэальнасцю. Прапаведнік прывёў прыклад благаслаўлёнай К'яры Карбэла Пятрыла, якая сустрэла хваробу з даверам, паказваючы, што можна жыць з Богам ужо на гэтай зямлі.
У Евангеллі паводле Яна Езус апісвае сябе як пастыра, які вядзе сваіх авечак на багатыя пашы. Яго голас заклікае нас пакінуць страх, каб знайсці сапраўднае жыццё. Тое, што здаецца недастатковым, у руках Езуса становіцца празмерным, як пры памнажэнні хлябоў. Аднак натоўп няправільна разумее цуд, шукаючы толькі матэрыяльны хлеб, не разумеючы чагосьці больш глыбокага. Езус адкрывае, што сапраўдны хлеб жыцця – гэта Ён сам. Атрымліваць Эўхарыстыю азначае ўдзельнічаць у Яго жыцці і прымаць Яго існаванне як сваё ўласнае, - адзначыў францішканін.
Эўхарыстыя – гэта не проста абрад, але пераўтваральнае яднанне з Хрыстом. Кажучы пра абмыванне ног, апостал Ян падкрэслівае, што сапраўднае пакланенне выяўляецца ў служэнні адзін аднаму, - нагадаў прапаведнік.
Вечнасць – гэта не далёкая ілюзія, а рэчаіснасць, якая рэалізуецца ў нашым жыцці, калі мы вучымся з даверам прапаноўваць нават тое нямногае, што маем. У вачах Бога кожны жэст любові мае бясконцую каштоўнасць: усё можа стаць вечным, - заключыў айцец Пазаліні.
Увечары 13 сакавіка 2025 года прапаведнік Папскага дома звярнуўся да супрацоўнікаў Рымскай курыі з дзявятым разважаннем у рамках Велікапосных рэкалекцый.
Вечнае жыццё – гэта дар, які ўжо сярод нас, хоць мы часта не разумеем яго фундаментальны аспект – супакой. З маленства мы чуем: "Вечны супакой дай яму, Пане!". “Ідэя вечнасці, заснаваная на вечным супакоі, можа падацца расчаравальнай, як быццам жыццё заканчваецца бясконцым сном. Аднак такое ўспрыманне нараджаецца з глыбокага непаразумення: мы бачым у супакоі толькі бяздзейнасць, тады як у біблійным бачанні гэта стан паўнаты і задавальнення”, - сказаў біблеіст.
Сам Бог адчуў супакой, калі Езуса, пасля Укрыжавання, паклалі ў магілу. Гэты момант – не бясплодная бяздзейнасць, а завяршэнне справы, як гаворыцца ў старажытнай гаміліі: "Бог памёр у целе і ўзрушыў адхлань". Хрыстус спачывае, але дзейнічае таямнічым чынам, вызваляючы вязняў бездані. Гэта вучыць нас, што спыняцца не значыць быць бескарыснымі, але ўмець даверліва прымаць час без ліхаманкавай і бясплоднай актыўнасці, - заўважыў прапаведнік.
На яго думку, сёння супакой – забытая раскоша. Мы жывём у грамадстве, якое прымушае нас быць заўсёды актыўнымі, заўсёды на сувязі, заўсёды прадуктыўнымі. Аднак, чым больш у нас магчымасцяў, тым менш супакою. Прыпавесць пра слугу, які не чакае ўзнагароды за працу, вучыць нас важнаму сакрэту. Пакуль мы апантаныя вынікамі, мы ніколі не знойдзем супакою. Толькі той, хто спакойна прымае свае абмежаванні, можа нарэшце спыніцца ў супакоі.
Сапраўдны супакой – гэта не бяздзейнасць, а свабода. Гэта стан, у якім нам больш не трэба нічога даказваць, бо мы дазваляем абняць сябе Божай любоўю. Гэта ўнутраны супакой, які дазваляе нам сказаць: "І хто ўвайшоў у Яго адпачынак, той адпачывае ад сваіх справаў, як і Бог ад сваіх " (Гбр 4:10). “Жыць у супакоі азначае рыхтавацца да вечнага жыцця, вучыцца жыць без страху, адпускаць лішняе і давяраць таму, што Бог ужо дзейнічае ў нас”, - адзначыў айцец Пазаліні.
Сапраўдны супакой – гэта ўнутраны мір, ён не вымяраецца ў дасягненнях, але ў здольнасці прымаць тое, што дае нам жыццё. Гэта не ўцёкі, а спосаб навучыцца жыць больш інтэнсіўна, без трывогі. Гэта не пасіўнасць, а актыўны давер, які робіць нас свабоднымі любіць. "У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх" (1 Ян 4:18). “У рэшце рэшт, вечнае жыццё – гэта не далёкая мэта, а рэчаіснасць, якая ўжо расце ўнутры нас. Мы пакліканы жыць ёю ўжо цяпер”, - завяршыў прапаведнік.