Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін (архіўнае фота) Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін (архіўнае фота)  (ANSA)

Паралін: пачаць дыялог для ўсталявання справядлівага міру ва Украіне

Дзяржаўны сакратар П'етра Паралін падкрэсліў неабходнасць пачаць працэс, які пакладзе канец вайне ва Украіне, пазбягаючы "папярэдніх умоў”, якія перашкаджаюць дыялогу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У кулуарах мерапрыемства, арганізаванага 17 сакавіка 2025 года пасольствам Марока пры Апостальскай Сталіцы з нагоды свята Рамадан, кардынал Паралін адказаў на шэраг пытанняў, якія тычыліся такіх тэм, як раззбраенне, вайна ва Украіне, стан Папы Францішка.

Кантраляванае раззбраенне

Па словах Дзяржсакратара, Святы Пасад ужо з часоў Першай сусветнай вайны прытрымліваецца выразнай палітыкі ў дачыненні да пераўзбраення. "Мы павінны на міжнародным узроўні настойваць на ўсеагульным і кантраляваным раззбраенні. Нельга быць задаволенымі кірункам, у якім ідуць справы", - адзначыў ён.

Заклік да спынення вайны паміж Расіяй і Украінай

Разважаючы пра магчымасць перамір'я паміж Украінай і Расіяй, кардынал Паралін выказаў надзею на тое, каб не было "ніякіх папярэдніх умоў, якія б перашкаджалі пачатку дыялогу”. Ён згадаў аб тым, што Расія паставіла ўмовы наконт “праверкі выканання перамір'я", але важна распачаць працэс. "Паколькі з боку Украіны, нарэшце, ёсць гатоўнасць, пажадана, каб і з другога боку была гатоўнасць пачаць гэта спыненне агню, якое павінна доўжыцца 30 дзён", - заявіў ён. Наступным крокам, на думку дыпламата, павінны стаць перамовы, якія могуць прывесці да заканчэння вайны і ўсталявання “справядлівага і трывалага міру”.

Стан здароўя Папы Францішка

На пытанне пра здароўе Папы кардынал Паралін адзначыў, што медыцынскія бюлетэні "даюць дакладнае ўяўленне пра стан здароўя" Пантыфіка. "Я сустракаўся з ім тыдзень таму, потым больш не меў магчымасці яго бачыць. Я заўважыў паляпшэнне ў параўнанні з першай сустрэчай. Але гэта выключна вонкавае назіранне, дакладную інфармацыю трэба атрымліваць ад медыкаў", - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца. Падчас сустрэч Францішку “прадстаўляюць пытанні і праблемы, якія неабходна вырашыць”, і ён “дае свае ўказанні", - патлумачыў Дзяржсакратар. На пытанне пра магчымасць адрачэння Папы, кардынал Паралін адказаў: "Абсалютна не".

18 сакавіка 2025, 11:57