Грэк: ініцыятыва дапамагчы Касцёлам крочыць сінадальным шляхам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сінадальны працэс, які многія лічылі завершаным, уступае ў новую фазу. Папа Францішак зацвердзіў план працы на наступныя тры гады, які прадугледжвае суправаджэнне этапу ўкаранення вынікаў Сінода.
"Сэнс шляху, які Сакратарыят Сінода прапануе мясцовым Касцёлам, заключаецца не ў тым, каб дадаць працу да працы, а ў тым, каб дапамагчы Касцёлам крочыць у сінадальным стылі", - падкрэслівае кардынал Грэх.
Сінадальнасць – гэта не падзея, а працэс
Генеральны сакратар Сінода тлумачыць, што Апостальская канстытуцыя “Episcopalis Communio” ператварыла Сінод з адзінкавай падзеі ў працэс, які складаецца з трох этапаў: падрыхтоўчага, цэлебратыўнага і ўкараняльнага. "Гэты пераход патрабуе сапраўднага "навяртання", змены мыслення, якая патрабуе часу, каб укараніцца ў практыку Касцёла", - падкрэслівае кардынал.
Грэк адзначае, што многія Касцёлы ўжо шчодра адгукнуліся і пачалі рухацца ў гэтым кірунку. Таму, па яго словах, праца ніколі не спынялася пасля заканчэння Асамблеі.
Мэта – узмацніць сувязі паміж Касцёламі
Кардынал тлумачыць, што новы працэс накіраваны на садзейнічанне абмену паміж Касцёламі ідэямі, якія выспелі на этапе ўкаранення. "Мэта заключаецца ў тым, каб укараненне не адбывалася ізалявана, як быццам кожная дыяцэзія ці эпархія з'яўляецца асобнай адзінкай, але каб узмацняліся сувязі паміж Касцёламі на нацыянальным, рэгіянальным і кантынентальным узроўнях", - падкрэслівае ён.
Іерарх, адказны за арганізацыю Сінодаў, дадае, што сустрэчы, запланаваныя на 2027 і пачатак 2028 года, натуральным чынам будуць суправаджаць шлях да Касцельнай асамблеі ў кастрычніку 2028 года.
Касцельная асамблея – новы вопыт для ўсяго Касцёла
Адказваючы на пытанне пра Касцельную асамблею 2028 года, кардынал Грэк адзначае, што гэта будзе першы вопыт такога кшталту для ўсяго Касцёла. "Многія рэчы яшчэ трэба ўдакладніць, хоць мы можам скарыстацца вопытам асамблей кантынентальнага этапу", - кажа Генеральны сакратар Сінода.
Ён падкрэслівае, што гэтая заключная Асамблея зможа прапанаваць Святому Айцу каштоўныя элементы, якія з'яўляюцца плёнам рэальнага касцельнага вопыту, для яго распазнання як Пераемніка Пятра, з перспектывамі, якія можна прапанаваць усяму Касцёлу.