Пастаянныя дыяканы падчас юбілейнай пілігрымкі ў Рым Пастаянныя дыяканы падчас юбілейнай пілігрымкі ў Рым 

Біскуп Рыпа: місія пастаянных дыяканаў – евангелізацыйная

Тысячы пастаянных дыяканаў бяруць удзел у юбілейнай сустрэчы ў Рыме з нагоды Святога 2025 года. Пра важнасць іх служэння ў каментарыі для Vatican News расказаў біскуп Андрэа Рыпа, сакратар Найвышэйшага Трыбунала Апостальскай Сігнатуры.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дыяканат – гэта вельмі старажытнае служэнне, карані якога сягаюць у часы апосталаў. На працягу гісторыі яно перажывала перыяды росквіту і заняпаду, але было адроджана Другім Ватыканскім Саборам і сёння працягвае сваё развіццё, нагадаў іерарх.

Біскуп Рыпа назваў дыяканат “знакам надзеі”, бо ён існуе для евангелізацыі – прапаведавання і сведчання. На яго думку, Божы народ, які нясе вестку пра надзею, увасобленую ў Хрысце, можа змяняць рэчаіснасць.

Іерарх нагадаў, што ў Дзеях Апосталаў дыякан Філіп абвяшчаў Евангелле тым, хто не быў знаёмы з хрысціянствам. Гэты прыклад пакліканы наследаваць і сучасныя пастаянныя дыяканы, якія, як правіла, маюць сем’і, працуюць і часта знаходзяцца ў некасцельных асяроддзях. Іх прысутнасць у паўсядзённым жыцці становіцца формай першага абвяшчэння: праз сям’ю, праз адносіны, праз асабісты прыклад. Менавіта такім чынам яны могуць несці надзею тым, хто яшчэ не пазнаў Хрыста, - падкрэсліў біскуп Рыпа.

Сакратар Трыбунала Апостальскай Сігнатуры адзначыў важнасць пашырэння ведаў пра служэнне дыяканату, а таксама таго, каб сам Касцёл разумеў і фармуляваў місію дыяканаў, надаючы ім канкрэтныя заданні ў служэнні мясцовай супольнасці. Ён нагадаў словы Папы Францішка пра тое, што служэнне дыяканаў павінна ахопліваць тры сферы: Божага слова, алтара і дапамогі бедным.
 

22 лютага 2025, 12:14