У Рыме распачаўся Юбілей дыяканаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Юбілей дыяканаў будзе праходзіць з 21 па 23 лютага 2025 года. Дыкастэрыя па евангелізацыі паведаміла, што ў ім прыме ўдзел больш за 6 тысяч чалавек з каля 100 краін свету. На сустрэчу былі асаблівым чынам запрошаны пастаянныя дыяканы і члены іх сем’яў.
Самая вялікая група прыбыла з Італіі – амаль 4 тысячы чалавек. 1300 дыяканаў прыбылі са Злучаных Штатаў Амерыкі, 656 – з Францыі, 350 – з Іспаніі, 230 – з Бразіліі, 160 – з Германіі, 150 – з Мексікі. Вялікія групы прыехалі з Польшчы, Калумбіі, Вялікабрытаніі, Канады. Будуць таксама дэлегацыі з Камеруна, Нігерыі, Індыі, Інданезіі і Аўстраліі.
21 лютага пілігрымы збяруцца ў дванаццаці старажытных касцёлах у цэнтры Рыма на супольную малітву Літургіі гадзін, пасля чаго дванаццаць біскупаў прамовяць да іх катэхетычныя настаўленні на агульную тэму Канкрэтныя знакі надзеі ў дыяканскім служэнні.
У першай палове дня ў суботу, 22 лютага, дыяканы здзейсняць пілігрымку ў Базіліку святога Пятра, каб прайсці праз Святую Браму. Яны змогуць прыняць удзел таксама ў міжнароднай канферэнцыі на тэму Дыяканы ў сінадальным і місійным Касцёле: быць сведкамі надзеі, арганізаванай Дыкастэрыяй па справах духавенства. Увечары ў ватыканскай Зале Паўла VI для дыяканаў адбудзецца малітоўнае чуванне.
23 лютага ў ватыканскай базіліцы адбудзецца ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліць прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела. Падчас літургіі пасвячэнне дыяканату будзе ўдзелена 23 кандыдатам з Бразіліі, Калумбіі, Францыі, Італіі, Мексікі, Польшчы, Іспаніі і ЗША. Усе яны атрымаюць стулу – дар ад Святога Айца.