Галахер у Конга: будаваць справядлівае і згуртаванае грамадства

Працягваецца афіцыйны візіт арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера ў Рэспубліку Конга. 13 студзеня 2025 года Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ўзначаліў Імшу з нагоды юбілею касцёльных рухаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На Святой Імшы ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Бразавіле прысутнічалі арцыбіскуп Б'енвеню Манаміка, старшыня Біскупскай канферэнцыі Конга, апостальскі нунцый Хаўер Эрэра Карона, кангалезскія біскупы, некаторыя члены ўрада, а таксама шматлікія вернікі, якія ажывілі і ўзбагацілі набажэнства музыкай, песнямі і традыцыйнымі танцамі.

Прывітанне Францішка

Арцыбіскуп Галахер перадаў усім прысутным прывітанне і благаслаўленне Францішка, які ўважліва сочыць за жыццём кангалезскага народа, любіць яго і адчувае блізкасць да яго. Папа добра ведае чаканні і надзеі каталіцкай супольнасці Конга на мір і братэрства, а таксама спачувае падчас выпрабаванняў, звязаных з стыхійнымі бедствамі і сацыяльнымі цяжкасцямі.

Ватыканскі дыпламат перадаў таксама падзяку Папы Францішка ўсяму народу і Каталіцкаму Касцёлу Конга за сведчанне Евангелля і намаганні па стварэнні больш справядлівага і братэрскага грамадства. Ён выказаў пажаданне, каб Юбілейны год умацаваў веру і асвятліў шлях кангалезскага Касцёла да святасці.

Памяць кардынала Эміля Біяэнды

Арцыбіскуп Галахер адзначыў, што ў Конга не бракуе сведкаў веры, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу, часта з вялікай ахвярнасцю. Ён прывёў у прыклад кангалезскага слугу Божага, кардынала Эміля Біяэнду, які быў выкрадзены і забіты ў ноч з 22 на 23 сакавіка 1977 года ва ўзросце 50 гадоў. Ян Павел II ініцыяваў справу яго кананізацыі. Рэшткі кардынала Біяэнды захоўваюцца ў катэдральным саборы Бразавіля і менавіта візіт да яго магілы стаў першым пунктам праграмы арцыбіскупа Галахера ў Конга.

У сваёй гаміліі іерарх заклікаў да заступніцтва слугі Божага Эміля Біяэнды, "каб мы маглі лепш распазнаваць прысутнасць Бога ў нашым грамадстве, імкнуцца абнавіць яго, пераўтварыць, зрабіць яго больш справядлівым, адкрытым і згуртаваным”.

Заклік да моладзі

Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што Касцёл Конга перажыў моманты вялікага энтузіязму ў справе евангелізацыі і адукацыі моладзі, звяртаючыся да якой ён паўтарыў словы Францішка: "Не дазваляйце скрасці ў вас надзею!" Ён заклікаў маладых людзей не пазбаўляць сябе надзеі, а ўздымаць вочы да Пана, нягледзячы на штодзённыя перашкоды і выклікі.

Афіцыйныя сустрэчы

Пасля Святой Імшы арцыбіскуп Галахер правёў сустрэчу з Канферэнцыяй біскупаў Конга. У той жа дзень, 13 студзеня 2025 года, ён здзейсніў візіт ветлівасці да прэзідэнта краіны Дэні Сасу-Нгэсо, а таксама правёў сустрэчы з прэм'ер-міністрам Анатолем Калінэ Макасо і міністрам замежных спраў Жан-Клодам Гакасо.

Асноўная мэта візіту арцыбіскупа Галахера ў Конга – удзел у першым пасяджэнні Сумеснай камісіі па рэалізацыі Рамачнага пагаднення паміж Рэспублікай Конга і Святым Пасадам, якое надае Касцёлу Конга прававую незалежнасць. Адкрыццё працы Сумеснай камісіі запланавана на 14 студзеня.

Апошнім мерапрыемствам перад вяртаннем Галахера ў Рым стане сустрэча з міністрам міжнароднага супрацоўніцтва і прасоўвання партнёрства паміж дзяржаўным і прыватным сектарамі Дэні-Крыстэлам Сасу-Нгэсо.

Арцыбіскуп Галахер з біскупамі Рэспублікі Конга
Арцыбіскуп Галахер з біскупамі Рэспублікі Конга
14 студзеня 2025, 11:21