Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  (ANSA)

Арцыбіскуп Галахер пачаў афіцыйны візіт у Рэспубліку Конга

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, распачаў афіцыйны візіт у Рэспубліку Конга. Падарожжа працягнецца з 11 па 14 студзеня 2025 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Нагодай для візіту стаў пачатак працы Сумеснай камісіі па рэалізацыі Рамачнага пагаднення паміж Рэспублікай Конга і Святым Пасадам. Дамова была падпісана ў 2017 годзе і ўвайшла ў сілу ў 2019 годзе.

Першым пунктам праграмы падарожжа стала наведванне магілы першага кангалезскага кардынала Эміля Біяэнда 12 студзеня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Бразавіле. Кардынал Біяэнда быў гарачым абаронцам правоў чалавека і адкрыта выступаў супраць несправядлівасці з боку дзяржавы. 22 сакавіка 1977 года ён быў выкрадзены са сваёй рэзідэнцыі, а ў ноч на 23 сакавіка 1977 года забіты групай салдат. З 1995 года вядзецца працэс яго беатыфікацыі.

Пасля ўшанавання памяці іерарха арцыбіскуп Пол Рычард Галахер узначаліў Святую Імшу з нагоды юбілею апостальскіх рухаў на плошчы перад катэдрай, а затым правёў сустрэчу з біскупамі.

13 студзеня ватыканскі дыпламат наведае прэзідэнта Конга Дэні Сасу-Нгэсо, а таксама прэм’ер-міністра Анатоля Калінэ Макасо. Ён правядзе таксама перамовы з міністрам замежных спраў Жанам-Клодам Гакасо.

У апошні дзень падарожжа, 14 студзеня, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцця працы Сумеснай камісіі па рэалізацыі Рамачнага пагаднення паміж Рэспублікай Конга і Святым Пасадам. Пасля гэтага ён сустрэнецца з міністрам па міжнародным супрацоўніцтве і прасоўванні партнёрства паміж дзяржаўным і прыватным сектарамі Дэні Крыстэлем Сасу-Нгэсо.
 

13 студзеня 2025, 12:21