Пошук

Францішак у суправаджэнні кіраўніцтва і персанала свайго Дзяржсакратарыята Францішак у суправаджэнні кіраўніцтва і персанала свайго Дзяржсакратарыята  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Дыпламатыя Святога Пасада: галоўныя падзеі 2024 года

Апостальская Сталіца падтрымлівае паўнавартасныя дыпламатычныя адносіны з 184 дзяржавамі. У 2024 годзе адбыўся шэраг важных для ватыканскай дыпламатыі падзей.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміла 9 студзеня 2025 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы, свае прадстаўніцтвы ў Рыме мае 90 дыпламатычных місій пры Святым Пасадзе, у тым ліку Еўрапейскі Саюз і Суверэнны Мальтыйскі Ордэн. У Рыме таксама знаходзяцца прадстаўніцтвы Лігі арабскіх дзяржаў, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі і Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, акрэдытаваныя пры Святым Пасадзе.

У 2024 годзе адбыўся шэраг важных дыпламатычных і юрыдычных падзей. 11 кастрычніка быў падпісаны Другі дадатковы пратакол да Пагаднення паміж Святым Пасадам і Буркіна-Фасо, які вызначае юрыдычны статус Каталіцкага Касцёла ў гэтай афрыканскай краіне.

22 кастрычніка Святы Пасад і Кітайская Народная Рэспубліка падоўжылі на чатыры гады Часовае пагадненне аб прызначэнні біскупаў. Дзеянне дамовы, заключанай 22 верасня 2018 года, падаўжалася таксама ў 2020 і 2022 гадах.

24 кастрычніка было падпісана Пагадненне паміж Святым Пасадам і Чэшскай Рэспублікай па шэрагу прававых пытанняў.

Нагадаем, што на 2025 год запланавана адкрыццё пасольства Беларусі пры Святым Пасадзе. Паводле пастановы Савета Міністраў № 988 ад 20 снежня 2024 года, адкрыццё дыпламатычнага прадстаўніцтва нашай краіны пры Святым Пасадзе адбудзецца да 1 верасня 2025 года. Да гэтага часу Беларусь не мела свайго пасольства ў Ватыкане. Беларускія інтарэсы прадстаўлялі дыпламаты, прызначаныя пасламі ў іншыя еўрапейскія краіны і па сумяшчальніцтве пры Святым Пасадзе. Апошнім, больш за 20 гадоў, быў Сяргей Алейнік.

 

09 студзеня 2025, 10:14