Урад Беларусі плануе адкрыць пасольства пры Святым Пасадзе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пастанова Савета Міністраў № 988 прадугледжвае стварэнне першага ў гісторыі пасольства Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе. Мінфін будзе фінансаваць выдаткі на адкрыццё і ўтрыманне пасольства са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных для МЗС на ўтрыманне дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой.
Варта адзначыць, што Апостальская нунцыятура як пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасада ў Беларусі існуе з 1992 года. Аднак да гэтага часу Беларусь не мела свайго пасольства ў Ватыкане. Беларускія інтарэсы прадстаўлялі дыпламаты, прызначаныя пасламі ў іншыя еўрапейскія краіны і па сумяшчальніцтве пры Святым Пасадзе. Апошнім, больш за 20 гадоў, быў Сяргей Алейнік.
З адкрыццём пасольства дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі выходзяць на новы ўзровень, што адкрывае дадатковыя магчымасці для супрацоўніцтва.