ЮНЕСКА перад візітам Льва XIV заявіла пра супольныя прыярытэты
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пасля анонсу візіту Папы ў Францыю ЮНЕСКА акрэсліла галоўныя тэмы яго сустрэчы ў парыжскай штаб-кватэры арганізацыі, якая адбудзецца 25 верасня 2026 года.
У заяве, апублікаванай 7 жніўня 2026 года, падкрэсліваецца, што Святы Пасад і ЮНЕСКА падзяляюць агульнае разуменне адказнага развіцця новых тэхналогій. "Супольнае пасланне ЮНЕСКА і Ватыкана выразнае: тэхналагічны прагрэс павінен грунтавацца на чалавечых каштоўнасцях і падтрымлівацца ўзмоцненым глабальным супрацоўніцтвам, каб чалавечая годнасць і творчасць маглі развівацца ў лічбавую эпоху", - гаворыцца ў дакуменце.
У цэнтры сустрэчы будуць не тэхналогіі самі па сабе, а чалавек
Плануецца, што сустрэча, якая пройдзе на запрашэнне генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Халеда Эль-Энані, будзе прысвечана сучасным выклікам, найперш тым, што звязаныя са штучным інтэлектам. Арганізацыя адзначыла, што гэтыя пытанні ўжо занялі важнае месца ў першай энцыкліцы Льва XIV "Magnifica humanitas". Пасля прыватнай сустрэчы Папы з кіраўніком ЮНЕСКА і наведвання Плошчы талерантнасці ды мастацкай экспазіцыі запланаваны праграмныя выступленні абодвух бакоў.
Асобнай падзеяй стане падпісанне рамкавага пагаднення паміж ЮНЕСКА і Святым Пасадам аб паглыбленні супрацоўніцтва ў сферы штучнага інтэлекту. Паводле паведамлення арганізацыі, гэты крок адлюстроўвае агульныя прыярытэты: ва ўмовах імклівых тэхналагічных змен абарона найбольш уразлівых людзей і павага да чалавечай годнасці павінны заставацца ў цэнтры інавацый.
Сустрэчы ў Парыжы будуць папярэднічаць дыскусіі аб будучыні лічбавага свету
У першай палове дня 25 верасня 2026 года ў штаб-кватэры ЮНЕСКА пройдзе форум "Моладзь у лічбавую эпоху", дзе юнакі і дзяўчаты разам з прадстаўнікамі культуры, навукі і грамадскага жыцця абмяркуюць тэмы, узнятыя ў энцыкліцы Папы, а таксама магчымыя новыя нормы для лічбавай эпохі.
Візіт Льва XIV у штаб-кватэру ЮНЕСКА стане першым папскім наведваннем гэтай арганізацыі пасля выступлення святога Яна Паўла II 2 чэрвеня 1980 года, калі ён гаварыў пра значэнне культуры і адукацыі для захавання чалавечай годнасці.