Візіт Льва XIV раскрыў парадоксы французскага каталіцызму
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Будучы візіт Льва XIV у Францыю нечакана выявіў парадоксы сучаснага каталіцызму ў краіне. Масавая цікавасць да сустрэчы з Папам рэзка кантрастуе са статыстыкай, якая сведчыць пра працяглы спад рэгулярнай рэлігійнай практыкі.
Паводле даследавання “Ipsos” з 2017 года, толькі 1,8 працэнта насельніцтва Францыі ўдзельнічае ў Імшы кожны тыдзень, а сярод ахрышчаных католікаў толькі 6 працэнтаў называюць сябе вернікамі і практыкуючымі. У 2021 годзе доля французаў, якія вызнаюць веру ў Бога, апусцілася ніжэй за 50 працэнтаў – пра гэта сведчыць даследаванне “Ifop” для “Ajir”, апублікаванае ў 2022 годзе.
Аднак гэтыя лічбы не даюць поўнай карціны. Амаль кожны другі француз – больш за 32 мільёна чалавек – "адчувае сябе звязаным з каталіцызмам" (паводле апытання “Viavoice”). Даследаванне “Ifop” 2022 года паказвае, што 57 працэнтаў працягваюць практыкаваць веру па-за інстытуцыянальнымі рамкамі, напрыклад, наведваючы санктуарыі або молячыся. З вясны 2021 года, на фоне шматгадовага скарачэння колькасці хростаў дзяцей, нечакана расце колькасць маладых дарослых, якія просяць аб хросце.
Сацыёлаг Ян Рэзон дзю Клезю ў інтэрв'ю часопісу „La Vie” ў 2024 годзе называе гэтую рэальнасць "каталіцкім архіпелагам". Рэлігійнае жыццё, паводле яго, не знікае, але пераходзіць у невялікія супольнасці і формы, якія не заўсёды ўлоўліваюць традыцыйныя сацыялагічныя даследаванні.
"Рэлігійнасць народа захоўваецца, але “выпадае з радараў”, бо не ўпісваецца ў звычайныя катэгорыі, якія выкарыстоўваюцца ў апытаннях для апісання каталіцызму", - адзначыў даследчык. Ён таксама звярнуў увагу на вяртанне ў парафіі традыцыйных набажэнстваў да святых, Багародзіцы і Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Адначасова расце колькасць людзей, якія шукаюць духоўнасць, але не звязваюць сябе з пэўнай рэлігійнай інстытуцыяй. Таму даследчыкі заклікаюць асцярожна карыстацца паняццямі "меншасць" і "дэ хрысціянізацыя", якія могуць схаваць больш складаную рэальнасць.
Візіт Льва XIV стаў своеасаблівым люстэркам гэтых супярэчнасцей: у краіне, дзе традыцыйная рэлігійная практыка працягвае слабець, усё яшчэ захоўваюцца сувязь з каталіцызмам, пошук трансцэндэнтнага і жаданне новага пакалення адкрываць веру.