Візіт Папы ў Францыю: заклік да малітвы і масавая рэгістрацыя
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Канферэнцыя Біскупаў Францыі паведаміла, што ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, 15 жніўня 2026 года, ва ўсіх парафіях краіны пасля святой Імшы будзе прачытана адмысловая малітва ў інтэнцыі поспеху візіту Льва XIV.
Гэты дзень для французскіх католікаў мае асаблівае значэнне: ён нагадвае пра ахвяраванне Францыі Найсвяцейшай Панне Марыі, здзейсненае каралём Людовікам XIII 10 лютага 1638 года.
Духоўная падрыхтоўка і супольная малітва
"Апрача лагістычных і эканамічных выклікаў, візіт Пантыфіка з'яўляецца ў першую чаргу духоўнай падзеяй", - адзначаецца ў паведамленні біскупаў. Менавіта таму французскія іерархі склалі малітву, якую прапанавана "чытаць разам” у парафіях, сем'ях і іншых супольнасцях.
У самой малітве гучыць просьба, каб апостальскае падарожжа Льва XIV у Францыю і ў штаб-кватэру ЮНЕСКА, якое адбудзецца з 25 па 28 верасня 2026 года, стала "крыніцай ласкі" для Касцёла ў краіне і за яе межамі. У малітве таксама ёсць просьба ўмацаваць веру католікаў, натхніць іх любоў і дапамагчы прыняць словы Папы з даверам.
Нагадаем, што менавіта на ахвяраванне Людовіка XIII спасылаўся Папа Пій XI, калі ў 1922 годзе абвясціў Найсвяцейшую Панну Марыю Унебаўзятую галоўнай апякункай Францыі.
Сапраўдны ажыятаж вакол запісу на папскія набажэнствы
10 жніўня 2026 года Парыжская архідыяцэзія адкрыла спецыяльны партал для рэгістрацыі. Усяго праз некалькі гадзін больш за 200 тысяч чалавек падалі заяўкі на ўдзел у святой Імшы з Львом XIV, якая адбудзецца 26 верасня 2026 года на Елісейскіх палях.
За восем гадзін быў цалкам вычарпаны ліміт у 80 тысяч месцаў на сустрэчу моладзі на стадыёне "Стад дэ Франс", запланаваную на 25 верасня 2026 года. Для тых, каму не хапіла месцаў, арганізатары стварылі рэзервовы спіс.
Удзел ва ўсіх мерапрыемствах з удзелам Папы бясплатны, а на Елісейскіх палях прысутнічаць змогуць і вернікі без рэгістрацыі пры наяўнасці свабоднага месца. Акрамя Парыжа, у праграме апостальскага візіту значацца Лурд, Сен-Дэні і Мец.