Пошук

Гаванская катэдра Гаванская катэдра 

Літургічны і эканамічны крызіс на Кубе: Касцёл нясе дапамогу

Крызіс на Кубе закрануў і парафіяльнае жыццё: у выніку дэфіцыту мукі і перабояў з электрычнасцю не хапае гостый і камунікантаў для Імшы. Сітуацыю ўскладняе тое, што 94 працэнта насельніцтва жывуць у крайняй галечы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Эканамічныя праблемы і перабоі з электраэнергіяй на Кубе выклікалі сур'ёзны дэфіцыт мукі, што ўскладніла літургічнае жыццё. У адказ на гэты выклік Касцёл у Коста-Рыцы перадаў кубінскім вернікам 20 тысяч гостый і камунікантаў, выпячаных пекарняй мясцовага епіскапату.

Гэта не першая дапамога з-за мяжы: у чэрвені 2026 года 35 тысяч гостый і камунікантаў даслала Панама, а архідыяцэзія Сан-Хуан у Порта-Рыка – яшчэ 300 тысяч. Такая крызісная сітуацыя ўжо здаралася ў лістападзе 2022 года.

Гэты дэфіцыт – толькі адна з праяў шырэйшага крызісу. Паводле даных 9-га Даследавання сацыяльных правоў, апублікаванага 13 жніўня 2026 года Кубінскім даследчым цэнтрам правоў чалавека, на якое спасылаецца агенцтва "ACI Prensa", 94 працэнта кубінцаў жывуць у крайняй галечы, 80 працэнтаў жыхароў прапускаюць прынамсі адзін прыём ежы ў дзень.

Сярод галоўных праблем рэспандэнты назвалі адключэнні электрычнасці – імі незадаволены 70 працэнтаў апытаных, а таксама харчовы крызіс і высокі кошт пражывання.

Сітуацыя ў ахове здароўя застаецца катастрафічнай: у выніку адсутнасці медыкаментаў паміраюць пажылыя і хранічна хворыя людзі.

У суровых умовах Касцёл застаецца практычна адзінай апорай і суцяшэннем. Менавіта на гэтым фоне касцельныя арганізацыі дапамагаюць размяркоўваць ежу і лекі, хоць іх магчымасці абмежаваны дзяржаўным кантролем.
 

18 жніўня 2026, 10:37