Жыхары кубінскага Матансаса набіраюць пітную ваду з аўтацыстэрны на фоне працяглых перабояў з водазабеспячэннем і электрычнасцю Жыхары кубінскага Матансаса набіраюць пітную ваду з аўтацыстэрны на фоне працяглых перабояў з водазабеспячэннем і электрычнасцю  (AFP or licensors)

Куба: 60 мільёнаў долараў праз “Caritas” на дапамогу людзям

На Кубе працягваецца эканамічны крызіс, які ўскладняе доступ многіх сем’яў да харчавання і тавараў першай неабходнасці. Мясцовая “Caritas” дапамагае найбольш уразлівым.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле агенцтва “Fides”, кубінская “Caritas” працягвае размеркаванне гуманітарнай дапамогі, якая паступае са Злучаных Штатаў Амерыкі.

Біскуп дыяцэзіі Пінар-дэль-Рыа Хуан дэ Дыяс Эрнандэс Руіс распавёў пра прызначэнне сродкаў і крытэрыі іх размеркавання. "Гуманітарная дапамога – гэта падтрымка, якая аказваецца людзям у сітуацыі крайняга крызісу, і яе адзіная мэта – ратаваць жыццё, змякчаць пакуты і абараняць чалавечую годнасць", - сказаў ён.

Іерарх падкрэсліў, што гэта не сталая праграма сацыяльнай дапамогі і не ўсеагульная выплата, а часовая падтрымка, заснаваная на прынцыпах гуманнасці, бесстароннасці, нейтральнасці і незалежнасці.

Гуманітарны фонд на карысць Кубы складае 100 мільёнаў долараў, з якіх 60 мільёнаў будуць размеркаваныя праз мясцовую “Caritas” пры лагістычнай падтрымцы “Catholic Relief Service”. Паводле біскупа, сродкі прызначаныя ў першую чаргу для вырашэння праблем харчовай бяспекі і доступу да вады, а дапамога даходзіць да самотных пажылых людзей, цяжарных і жанчын, якія кормяць, калі яны знаходзяцца ў небяспечнай сітуацыі, дзяцей да пяці гадоў у асабліва цяжкім становішчы, а таксама людзей з інваліднасцю або тых, хто не можа самастойна сябе абслугоўваць.

Пакеты дапамогі ўтрымліваюць прадукты харчавання, сродкі гігіены і матэрыялы для вырашэння праблем з доступам да вады і яе захоўваннем. Паводле біскупа, гэта не толькі спосаб задаволіць асноўныя патрэбы, але і выраз блізкасці Касцёла да тых, хто пакутуе.

"Як Касцёл, мы цалкам усведамляем, што не можам дайсці да ўсіх, і гэта прычыняе нам боль", - адзначыў біскуп. Ён дадаў, што калі нехта не атрымаў дапамогі, гэта не азначае, што ён яе не патрабуе, але што ёсць людзі ў яшчэ больш цяжкім становішчы.
 

11 жніўня 2026, 10:35