Канадскі біскуп раскрытыкаваў новыя правілы для капеланаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Біскуп Скот Маккейг з Вайсковага ардынарыяту Канады раскрытыкаваў новыя правілы Канадскіх узброеных сіл, апублікаваныя 29 ліпеня 2026 года. Яны рэгулююць "духоўныя разважанні ў ваенным асяроддзі", якія павінны дапамагаць асэнсаванню сэнсу і мэты жыцця і спрыяць духоўнаму дабрабыту.
10 жніўня 2026 года біскуп заявіў, што такія патрабаванні могуць парушаць свабоду сумлення і веравызнання. "На думку вельмі многіх людзей, як капеланаў, так і вернікаў, немагчыма аддзяліць сэнс, мэту і духоўны дабрабыт ад Бога. Аднак гэтая інструкцыя патрабуе ад іх менавіта гэтага", - напісаў ён. Паводле вайсковага ардынарыя, прымушэнне чалавека дзейнічаць насуперак уласным перакананням і сумленню з'яўляецца формай прымусу, ад якога павінна абараняць Канадская хартыя правоў і свабод.
Біскуп таксама не пагадзіўся з тым, што новыя нормы можна лічыць светапоглядна нейтральнымі. "Не існуе разважанняў пра сэнс, мэту і духоўны дабрабыт без філасофскіх і рэлігійных перадумоў. Урад не павінен вырашаць паміж імі. Гэта супрацьлегласць нейтральнасці дзяржавы", – адзначыў ён.
Такія абмежаванні ў Канадскіх узброеных сілах з'яўляліся і раней. У 2024 годзе там забаранілі малітву падчас урачыстасцей з нагоды Дня памяці, што выклікала крытыку часткі грамадзян, вайскоўцаў і палітыкаў. Годам раней была выдадзена дырэктыва, якая істотна абмяжоўвала публічныя малітвы, але пасля негатыўнай рэакцыі яе скасавалі. Перад леташнім Днём памяці капеланам таксама рэкамендавалі пазбягаць у малітвах слоў, жэстаў і сімвалаў, звязаных з рэлігійнымі традыцыямі, у тым ліку метафізічных спасылак.