Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Канадскі біскуп раскрытыкаваў новыя правілы для капеланаў

Новыя правілы Канадскіх узброеных сіл абмяжоўваюць рэлігійную мову падчас публічных мерапрыемстваў. Біскуп Скот Маккейг бачыць у іх пагрозу свабодзе сумлення і веравызнання.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскуп Скот Маккейг з Вайсковага ардынарыяту Канады раскрытыкаваў новыя правілы Канадскіх узброеных сіл, апублікаваныя 29 ліпеня 2026 года. Яны рэгулююць "духоўныя разважанні ў ваенным асяроддзі", якія павінны дапамагаць асэнсаванню сэнсу і мэты жыцця і спрыяць духоўнаму дабрабыту.

Пры гэтым капеланам рэкамендуюць не згадваць Бога і не выкарыстоўваць падчас публічных мерапрыемстваў "мову выразна рэлігійнага характару".

10 жніўня 2026 года біскуп заявіў, што такія патрабаванні могуць парушаць свабоду сумлення і веравызнання. "На думку вельмі многіх людзей, як капеланаў, так і вернікаў, немагчыма аддзяліць сэнс, мэту і духоўны дабрабыт ад Бога. Аднак гэтая інструкцыя патрабуе ад іх менавіта гэтага", - напісаў ён. Паводле вайсковага ардынарыя, прымушэнне чалавека дзейнічаць насуперак уласным перакананням і сумленню з'яўляецца формай прымусу, ад якога павінна абараняць Канадская хартыя правоў і свабод.

Біскуп таксама не пагадзіўся з тым, што новыя нормы можна лічыць светапоглядна нейтральнымі. "Не існуе разважанняў пра сэнс, мэту і духоўны дабрабыт без філасофскіх і рэлігійных перадумоў. Урад не павінен вырашаць паміж імі. Гэта супрацьлегласць нейтральнасці дзяржавы", – адзначыў ён.

Новыя правілы прадугледжваюць выключэнні для пахаванняў, добраахвотных рэлігійных сходаў, прыватных душпастырскіх размоў і практык карэнных народаў.

Такія абмежаванні ў Канадскіх узброеных сілах з'яўляліся і раней. У 2024 годзе там забаранілі малітву падчас урачыстасцей з нагоды Дня памяці, што выклікала крытыку часткі грамадзян, вайскоўцаў і палітыкаў. Годам раней была выдадзена дырэктыва, якая істотна абмяжоўвала публічныя малітвы, але пасля негатыўнай рэакцыі яе скасавалі. Перад леташнім Днём памяці капеланам таксама рэкамендавалі пазбягаць у малітвах слоў, жэстаў і сімвалаў, звязаных з рэлігійнымі традыцыямі, у тым ліку метафізічных спасылак.
 

13 жніўня 2026, 10:55