Пошук

Пасля землятрусу ў прыбярэжным нррадзе Ла-Гуайра Пасля землятрусу ў прыбярэжным нррадзе Ла-Гуайра  (Ricardo Arduengo)

Дапамога пасля катастрофы: як Касцёл дзейнічае ў Венесуэле

Касцёл у Венесуэле стаў галоўным асяродкам дапамогі для пацярпелых ад разбуральнага землятрусу. Звесткі падрыхтаваў Папскі фонд "Дапамога Касцёлу ў патрэбе".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Два разбуральныя штуршкі сілай 7,2 і 7,5 бала адбыліся на поўначы краіны 24 чэрвеня 2026 года. Паводле апошніх звестак урада, катастрофа забрала жыцці прынамсі 3300 чалавек, а больш за 17 тысяч атрымалі раненні. Асабліва пацярпеў прыбярэжны рэгіён Ла-Гуайра. У гэтых складаных абставінах парафіі сталі сапраўдным выратаваннем для людзей.

У дыяцэзіі Петарэ, якая месціцца каля сталіцы Каракас, сотні валанцёраў клапоцяцца аб параненых і іх сем'ях. Біскуп Хуан Карлас Брава Саласар паведаміў, што каля 90 працэнтаў мясцовага насельніцтва жыве ў беднасці. Тут знаходзяцца чатыры важныя бальніцы, таму дапамога засяроджана на пацярпелых і тых, хто страціў дах над галавой. Мясцовыя супольнасці арганізавалі чатыры пункты збору. Больш за 250 добраахвотнікаў раздаюць лекі, медыцынскія матэрыялы, ежу і адзенне.

"Нават тыя, хто нічога не мае, аддаюць апошняе", - з захапленнем адзначыў біскуп. Шчодрасць людзей з трушчоб аказалася бязмежнай. Да працы актыўна далучылася моладзь, якая разгружае грузавікі і рыхтуе прадуктовыя наборы.

Акрамя матэрыяльнай падтрымкі, Касцёл аказаў сем'ям і пацярпелым духоўную дапамогу. Святары і манахі знаходзяцца побач з тымі, чые сваякі засталіся пад заваламі. "Мы не павінны абмяжоўвацца толькі псіхалагічнай дапамогай. Мы павінны даць людзям таксама і духоўную падтрымку", - патлумачыў біскуп Брава Саласар.

Папскі фонд "Дапамога Касцёлу ў патрэбе" ўжо вылучыў першы транш у памеры 100 тысяч еўра. Гэтыя сродкі скіраваны на экстранную дапамогу на месцы здарэння. Дабрачынная арганізацыя плануе далейшыя крокі па падтрымцы пацярпелых рэгіёнаў. Прадстаўнікі Фонду знаходзяцца ў пастаянным кантакце з партнёрамі ў Венесуэле.
 

07 ліпеня 2026, 09:45