Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Біскуп Хуан Мата на свабодзе пасля двух арыштаў у Нікарагуа

У Нікарагуа вызвалілі 80-гадовага біскупа Хуана Абеларда Мату, якога двойчы арыштоўвалі за заклік маліцца за пераследаваны Касцёл.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Паводле паведамленняў мясцовых сродкаў масавай інфармацыі, каталіцкі іерарх Хуан Абеларда Мата, біскуп-эмерыт дыяцэзіі Эстэлі, вярнуўся на свабоду пасля амаль трох дзён зняволення. Прычынай арышту стала набажэнства, якое прайшло тыдзень таму. Падчас яго заслужаны пастыр папрасіў аб малітве за "пераследаваны Касцёл" у краіне. Рэакцыя сілавых структур была неадкладнай.

Іерарха затрымлівалі двойчы. Пасля першага шматгадзіннага допыту яго адпусцілі, але праз некалькі дзён зноў арыштавалі – гэтым разам з прычыны расследавання Міністэрства ўнутраных спраў. Афіцыйнае паведамленне ведамства казала пра вывучэнне "маёмаснага становішча і сямейных сувязей, несумяшчальных са святарскім служэннем".

Адсутнасць навін выклікала сур'ёзную трывогу ў вернікаў дыяцэзіі і мела шырокі розгалас у Злучаных Штатах Амерыкі. Сенатар-рэспубліканец Рык Скот патрабаваў неадкладнага вызвалення духоўнай асобы, і, магчыма, менавіта амерыканскі ціск прымусіў рэжым саступіць.

Кардынал Леапольда Брэнэс на мінулым тыдні сустрэўся на прыватнай аўдыенцыі з Папам Львом XIV. Левы рэжым Даніэля Артэгі ўжо шмат гадоў змагаецца супраць каталіцкіх прадстаўнікоў і рэлігійных інстытуцый. Цяжкі крызіс пачаўся ў 2018 годзе з масавых студэнцкіх пратэстаў, падчас якіх святары адчынялі дзверы храмаў, каб выратаваць людзей ад паліцэйскіх куль. З таго часу шматлікія святары і біскупы сутыкнуліся з арыштамі і выгнаннем з боку рэжыму, а манаскія супольнасці пацярпелі ад канфіскацыі маёмасці.
 

06 ліпеня 2026, 10:44