Біскуп Шамалі: сітуацыя ў Газе застаецца надзвычай цяжкай
Vatican News
У інтэрв’ю Жан-Шарлю Пуцалу з французскай рэдакцыі "Vatican News" іерарх распавёў пра маштабы разбурэнняў, недахоп рэсурсаў і планы Лацінскага патрыярхата аднавіць працу школы ў парафіі Святой Сям’і ў Газе.
Ізраільскія бамбардзіроўкі не былі цалкам спыненыя. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Газы, за дзевяць месяцаў з моманту ўступлення ў сілу рэжыму спынення агню было забіта больш за 1000 чалавек, у тым ліку 265 дзяцей. Яшчэ 3400 чалавек атрымалі раненні.
Па словах біскупа Шамалі, насельніцтва Газы жыве на 47 працэнтаў тэрыторыі, паколькі Ізраіль кантралюе астатнія 53 працэнты. Людзі жывуць у надзвычай складаных і цесных умовах. Каля 80 працэнтаў інфраструктуры Сектара Газа знішчана: разбураныя не толькі будынкі, але і сістэмы водазабеспячэння і электрычнасці. Шмат школ і ўніверсітэтаў больш не існуе. Тысячы людзей жывуць у намётах.
Вікарый распавёў, што гуманітарная дапамога паступае ў Газу абмежавана. Лекаў не хапае, харчаванне імпартуецца з Ізраіля гандлярамі. Лацінскі Патрыярх Іерусаліма кардынал П’ербатыста Піцабала падчас свайго апошняга візіту ў Газу ў чэрвені 2026 года бачыў, што рынкі сталі лепш забяспечаныя, чым падчас яго папярэдняга візіту ў снежні 2025 года. Крамы ўяўляюць сабой адзін ці два намёты, пастаўленыя побач, у якіх гандляры прадаюць прадукты.
Біскуп Шамалі нагадаў, што многія жыхары Газы страцілі працу, аднак некаторыя супрацоўнікі дзяржаўных устаноў працягваюць атрымліваць заробкі. Гэта датычыцца настаўнікаў і супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў. Настаўнікі Лацінскага патрыярхата таксама працягваюць атрымліваць зарплату. Касцёл аказвае фінансавую дапамогу астатнім людзям, каб яны маглі самастойна набываць ежу. Раней дапамога часта выдавалася ў выглядзе ежы, цяпер вернікам парафіі Святой Сям’і ў Газе дапамагаюць грашыма.
Гаворачы пра перспектывы аднаўлення Газы, вікарый адзначыў, што працэс рэканструкцыі звязаны з дэмілітарызацыяй ХАМАС. Гэты этап пакуль не завершаны, бо ХАМАС працягвае прысутнічаць і кантраляваць бяспеку ў раёне, дзе пражываюць жыхары Газы. Таму маштабнае аднаўленне застаецца немагчымым.
Біскуп Шамалі звярнуў ўвагу на становішча дзяцей у Газе. Многія з іх не ходзяць у школу. Яны цэлымі днямі збіраюць дровы, цвікі і іншыя рэчы, якія можна паўторна выкарыстаць або прадаць. Лацінскі патрыярхат спадзяецца ў верасні адкрыць школу пры парафіі Святой Сям’і, каб прыняць каля 1 000 дзяцей. Важна, каб яны зноў пачалі вучыцца, аднавілі нармальнае жыццё і пераадолелі траўмы вайны, - падкрэсліў іерарх.