Пошук

Пастырскі візіт кардынала Піцабалы ў Сектар Газа Пастырскі візіт кардынала Піцабалы ў Сектар Газа  (AFP or licensors)

Сектар Газа: пастырскі візіт кардынала Піцабалы і Тэафіла III

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма кардынал П’ербатыста Піцабала і грэка-праваслаўны патрыярх Тэафіл III 22 чэрвеня 2026 года прыбылі ў Сектар Газа з пастырскім візітам. Яны сустракаюцца з духавенствам, кансэкраванымі асобамі, хрысціянскімі сем’ямі і тымі, хто пацярпеў ад гуманітарнага крызісу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Мэтай візіту стала падтрымка і суцяшэнне насельніцтва, якое пакутуе ад вайны, гуманітарнага крызісу і галечы. Іерархі таксама імкнуцца пацвердзіць далейшы ўдзел хрысціянскіх Цэркваў у аказанні медыцынскай дапамогі, правядзенні гуманітарных аперацый і абароне чалавечай годнасці. У паездцы патрыярхаў суправаджаюць вялікі гаспітальер Мальтыйскага ордэна Ёзаф Блоц і супрацоўнікі міжнароднай гуманітарнай арганізацыі “Malteser International”.

Пастырскі візіт кардынала Піцабалы ў Сектар Газа
Пастырскі візіт кардынала Піцабалы ў Сектар Газа

“Гэты візіт сведчыць пра пастырскую адказнасць іерусалімскіх Цэркваў перад мясцовымі Цэрквамі і ўсім насельніцтвам Газы, дзе сем'і працягваюць цярпець цяжкія гуманітарныя пакуты, страх, страты і нявызначанасць”, - гаворыцца ў заяве Лацінскага Патрыярхата Іерусаліма.

Гасцей асабліва цёпла сустрэлі ў касцёле Святой Сям’і – адзінай каталіцкай парафіі ў Газе. Пры ўваходзе ў святыню кардынала Піцабалу і патрыярха Тэафіла ІІІ віталі апладысментамі і радаснымі воклічамі. Пасля малітвы, якую ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Габрыэль Раманэлі, кардынал Піцабала звярнуўся да прысутных. Ён адзначыў, што рады магчымасці асабіста сустрэцца не толькі з парафіянамі, але і з іншымі жыхарамі пакутнага горада. Ён прызнаў, што сітуацыя застаецца складанай, аднак падкрэсліў, што ўвага Касцёла да Газы не слабее.

Гэта не першы візіт кардынала Піцабалы ў Газу за апошні час. Ён ужо наведваў горад у канцы 2025 года: 21 снежня ўзначаліў урачыстую Імшу ў парафіі Святой Сям’і з удзелам шматлікіх вернікаў. Раней, пасля ізраільскага ўдару па гэтай парафіі, які адбыўся 17 ліпеня 2025 года і прывёў да гібелі трох чалавек і ранення адзінаццаці, кардынал Піцабала і патрыярх Тэафіл ІІІ таксама разам наведалі Газу, выказалі салідарнасць сем’ям загінулых і сустрэліся з перамешчанымі асобамі. Той візіт стаў першым экуменічным візітам такога ўзроўню ў Сектар Газа падчас вайны. Іерархі заклікалі сусветных лідараў спыніць канфлікт і пачаць шлях аздараўлення і прымірэння для ўсёй Святой Зямлі.

Кардынал Піцабала і Патрыярх Тэафіл III у Газе
Кардынал Піцабала і Патрыярх Тэафіл III у Газе
23 чэрвеня 2026, 13:29