Леў XIV у іспанскім парламенце Леў XIV у іспанскім парламенце  (ANSA)

СМІ Іспаніі адзначаюць поспех візіту Пантыфіка

Іспанскія медыя выказваюць захапленне апостальскім падарожжам Папы Льва XIV у Мадрыд, называючы Пантыфіка сапраўдным лідарам католікаў і маральным маяком для ўсяго свету.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іспанскія каментатары не шкадуюць цёплых слоў на адрас Папы пасля некалькіх дзён яго знаходжання ў краіне. Журналісты называюць яго "сапраўдным лідарам католікаў" і "сапраўдным мадрыдцам", звяртаючы ўвагу на яго бездакорную іспанскую мову і глыбокае веданне рэалій сучаснай Іспаніі.

У медыяпрасторы адзначаюць велізарную цікавасць грамадства да апостальскага падарожжа, якое распачалося ў суботу, 6 чэрвеня 2026 года, у Мадрыдзе.

Іспанская пілігрымка Святога Айца працягнецца да 12 чэрвеня 2026 года. За гэты час Папа наведае таксама Барселону – сталіцу Каталоніі, і Канарскі архіпелаг у Атлантычным акіяне.

Дзяржаўнае тэлебачанне “TVE” і каталіцкае “Radio Cope” паведамляюць пра вельмі сардэчны прыём з боку жыхароў іспанскай сталіцы і велізарныя натоўпы мадрыдцаў на мерапрыемствах з удзелам Пантыфіка.

Сродкі масавай інфармацыі сцвярджаюць, што Імша і працэсія Божага Цела, якія прайшлі ў нядзелю, 7 чэрвеня 2026 года, на плошчы Сібелес пры масавым удзеле гараджан, сталі пераканаўчым доказам высокай папулярнасці Льва XIV у Іспаніі.

У панядзелак, 8 чэрвеня 2026 года, Святы Айцец наведаў іспанскі парламент, дзе яго сустрэлі сяміхвіліннымі апладысментамі. “Radio Cope” заўважыла, што Папа наўпрост звярнуўся да палітыкаў па самых вострых пытаннях, якія падзяляюць грамадства, заступаючыся за права на жыццё і крытыкуючы аборты і эўтаназію.

Пасля гэтага выступлення каментатары каталіцкай радыёстанцыі назвалі Святога Айца "маральным аўтарытэтам" і "сапраўдным маральным маяком для свету". Яны падкрэслілі, што, нягледзячы на прысутнасць у залі шматлікіх палітыкаў з супрацьлеглымі перакананнямі адносна абароны жыцця, парламент аднадушна ўзнагародзіў Папу апладысментамі.

Іспанская радыёстанцыя падагульніла, што "Леў XIV – гэта сапраўдны пастыр Касцёла, духоўны лідар для свету і сапраўдны прыклад, у якога можна вучыцца, як быць больш чалавечным". Было адзначана, што Пантыфік таксама заўсёды заклікае да міру і пазбягання падыходаў, якія спрыяюць канфліктам.
 

09 чэрвеня 2026, 08:53