Леў XIV: справядлівае грамадства абараняе жыццё, свабоду і мір
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Леў XIV згадаў пра багатыя культурныя традыцыі Іспаніі, якія прывялі да ўспрымання чалавека, як таго, “чыя годнасць стаіць вышэй за ўсякую карысць” і “служэнню якой падпарадкоўваецца заканадаўчая дзейнасць”. Ён заўважыў, што гэта рэфлексія асабліва развілася ў эпоху вялікіх геаграфічных адкрыццяў, калі навукоўцы з Універсітэта Саламанкі “ўвялі ў гістарычнае мысленне пытанне аб неад’емнай каштоўнасці кожнага чалавека і маральных межах улады”.
Святы Айцец падкрэсліў актуальнасць гэтай спадчыны сёння, калі міжнародная супольнасць “працягвае задаваць пытанне, як будаваць мір на прызнанні асобы, а не на ўжыванні сілы”.
“Гэтая спадчына жыве і ў гэтым парламенце, кожны раз, калі заканадаўца задаецца пытаннем пра тое, як зрабіць закон сапраўды чалавечым; як зрабіць, каб воля большасці абараняла тыя даброты, якія належаць усім, і паважала тое, што ніякая большасць не можа законна парушыць”, - сказаў Пантыфік.
Папа заўважыў, што абарона чалавечай годнасці не з’яўляецца абстрактным прынцыпам, але тэрміновым заданнем у час, калі “новыя светы, што адкрываюцца перад намі, больш не намаляваны на картах”, але “разгортваюцца ў тэхналогіях, эканоміцы, біямедыцыне і лічбавым сусвеце, дзе чалавечая ўлада дасягае ўсё больш далікатных сфер асабістага і грамадскага жыцця”.
“Перад абліччам змен нашага часу, наша распазнаванне павінна засяродзіцца на месцы чалавечай асобы ў нашых рашэннях і на тым, як годнасць працы, салідарнасць, сацыяльная палітыка і агульнае дабро цяпер асэнсоўваюцца па-новаму”, - сказаў ён.
Пантыфік падкрэсліў, што “кожнае сапраўды справядлівае грамадства грунтуецца на прызнанні непарушнай годнасці чалавечай асобы”, якая не залежыць ад дзяржавы і “не можа быць падпарадкавана зменліваму грамадскаму кансенсусу або ваганням часовай большасці”.
“У гэтым сэнсе, калі жыццё перастане прызнавацца фундаментальнай каштоўнасцю, якую будучыню могуць мець нашы грамадства? Ці можна назваць грамадства цалкам справядлівым, калі яно пакідае ў цені ненароджанае дзіця, пажылых людзей, хворых, тых, хто пакутуе моўчкі, або тых, хто цалкам залежыць ад клопату іншых? Абарона чалавечага жыцця не з’яўляецца пытаннем прыватных ці канфесійных інтарэсаў: гэта мэта цывілізацыі. Кожнае чалавечае жыццё павінна быць прызнана і абаронена ад зачацця да яго натуральнага канца, ва ўсіх абставінах яго існавання”, - нагадаў Пантыфік іспанскім дэпутатам, якія ў бліжэйшыя дні прыступяць да абмеркавання пытанняў аб пашырэнні падстаў для эўтаназіі і прызнанні аборту канстытуцыйным правам.
Папа падкрэсліў, што, калі ўпэўненасць у непарушнай годнасці чалавечага жыцця зыходзіць у цень, “найбольш уразлівыя становяцца першымі ахвярамі, і закон губляе свой глыбокі сэнс: служыць і абараняць кожнага чалавека”. “Маральная веліч нацыі праяўляецца, перш за ўсё, у яе здольнасці суправаджаць, абараняць і шанаваць тыя жыцці, якія адзначаны большай далікатнасцю”, - дадаў Святы Айцец.
Леў XIV заклікаў заканадаўцаў абараняць інстытут сям’і, падкрэсліўшы, што “там, дзе падтрымліваецца сям’я, умацоўваецца таксама духоўная і сацыяльная стабільнасць народаў”. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць павагі да “першаснага і неад’емнага права” бацькоў “выбіраць від адукацыі і выхавання, які яны будуць даваць сваім дзецям, у адпаведнасці з іх уласнымі маральнымі, культурнымі і рэлігійнымі перакананнямі”.
Святы Айцец згадаў таксама пра праблему міграцыі, падкрэсліўшы, што “гэтая рэальнасць выходзіць за рамкі любой чыста дэмаграфічнай ці эканамічнай інтэрпрэтацыі: яна ўяўляе сабой пытанне ў значнай ступені маральнага і юрыдычнага характару”.
“Усюды, дзе чалавек падвяргаецца дыскрымінацыі з-за свайго нацыянальнага, этнічнага, рэлігійнага або моўнага паходжання, альбо з-за эканамічнага або сацыяльнага становішча, сур’ёзна парушаецца ўсеагульны прынцып роўнай годнасці ўсіх людзей”, - сказаў ён.
Папа заклікаў адказваць на міграцыйны крызіс, “ставячы людзей у цэнтр увагі, вырашаючы прычыны, якія прымушаюць іх з’язджаць, і выходзячы за рамкі простага кіравання патокамі”.
“З гэтага вынікае двайное патрабаванне сацыяльнай справядлівасці: прапанаваць бяспечныя і законныя шляхі, паважлівы прыём і рэальныя магчымасці для інтэграцыі; і ў той жа час садзейнічаць праву заставацца на радзіме, імкнучыся да таго, каб ніхто не быў вымушаны пакідаць свой дом з-за адсутнасці міру, бяспекі або годных умоў жыцця”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што для дасягнення гэтай мэты “неабходны скаардынаваны, салідарны і эфектыўны адказ, здольны гарантаваць абарону, прыём і рэальныя магчымасці інтэграцыі для тых, хто мігруе”.
Нагадаўшы, што “свет перажывае глыбокі духоўны і культурны крызіс, які выяўляецца ў розных формах гвалту, палярызацыі і ўзаемнага недаверу”, Папа адзначыў патрэбу ў публічных дыскусіях, “дзе паважаюцца тыя, хто думае інакш, дзе ўстановы служаць сустрэчы, дзе гістарычная памяць шукае праўды і прымірэння, а грамадскае жыццё здольнае падтрымліваць грамадзянскае сяброўства і ўзаемную павагу нават сярод рознагалоссяў”.
“Міжнародная супольнасць паклікана нанова адкрыць неад’емную каштоўнасць дыялогу як цярплівага шляху да справядлівых і трывалых пагадненняў, заснаваных на павазе да дагавораў, празрыстасці дыпламатычных дзеянняў і шчырым жаданні ставіць мір вышэй за ўжыванне сілы. З гэтага нараджаюцца давер і надзея”, - сказаў Папа.
Пантыфік заўважыў таксама, што “палітычны плюралізм не павінен ператварацца ў пастаянную дыскрэдытацыю саперніка”. “У сталым суіснаванні нават канфлікт можа стаць трамплінам да міру, калі адрозненні змякчаюцца праз уважлівае слуханне адзін аднаго і кіруюцца прызнаннем патрэб, памкненняў і магчымасцей кожнага”, - сцвердзіў ён.
“Мір устанаўліваецца і абараняецца таксама праз мову. Словы могуць адкрываць шляхі або закрываць іх; яны могуць асвятляць рэальнасць або скажаць яе да такой ступені, што робяць сустрэчу немагчымай. Таму тыя, хто нясе грамадскую адказнасць, маюць асаблівы абавязак ахоўваць слова, каб “раззброіць мову”. Цвёрдасць не патрабуе пагарды; нязгода не цягне за сабой прыніжэнне”, - дадаў Леў XIV.
Святы Айцец закрануў таксама “ключавое пытанне для кожнага сапраўды дэмакратычнага грамадства: свабоду думкі, сумлення і рэлігіі – фундаментальнае права, якое абараняе самую прыватную сферу асобы”. “Свабода, на якой грунтуецца сучасная дзяржава, калі яна сапраўдная, прызнае рэлігійны аспект чалавека, паважае яго і абараняе юрыдычна; і яна пазбягае прымушэння каго-небудзь да адмаўлення ад унясення ўкладу ў грамадства, у якім ён жыве, з прычыны яго веры”, - сказаў Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што “законная аўтаномія свецкага парадку ніколі не павінна разумецца як варожасць да рэлігіі”. “Вера не імкнецца навязваць сябе праз прывілеі ці прымус; аднае яе нельга прымушаць маўчаць, нібыта яна не мае дачынення да грамадскага жыцця”, - дадаў Леў XIV.
“У гэтым кантэксце сакрамэнтальная пячатка споведзі мае асаблівае значэнне для Каталіцкага Касцёла. Яна належыць да больш шырокага кантэксту рэлігійнай свабоды, якая гарантуе супольнасцям вернікаў уласную прастору жыцця, арганізацыі і ўнутранай дысцыпліны. Яе прававая абарона, па аналогіі з некаторымі прафесіямі, азначае захаванне святой прасторы ўнутранай свабоды, дзе вернік можа адкрыць сваю душу Богу без страху знешняга ціску, што таксама гарантуецца міжнароднымі нормамі”, - сказаў Папа.
На заканчэнне прамовы Пантыфік пажадаў, каб Іспанія працягвала быць зямлёй сустрэчы, культуры, салідарнасці і надзеі.
